Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 29

Михаил Булгаков

Нiхто не ведае, якая думка завалодала Iванам, але толькi перш чым выбегчы на чорны ход, ён узяў адну свечку, а таксама i папяровую iкону. Разам з гэтымi прадметамi ён пакiнуў невядомую кватэру, нешта мармытаў, бянтэжыўся ад таго, што толькi што перажыў у ванным пакоi, мiжволi спрабаваў угадаць, хто быў гэты нахабны Кiрушка i цi не яму належыць брыдкая шапка з вушамi.

У пустым змрочным завулку паэт азiрнуўся, шукаючы ўцекача, але таго нiдзе не было. Тады Iван цвёрда сказаў сабе самому:

- Ну вядома, ён ля Масквы-ракi! Наперад!

Варта было, мабыць, запытацца ў Iвана Мiкалаевiча, чаму ён думае, што прафесар менавiта ля Масквы-ракi, а не дзе-небудзь у iншым месцы. Ды бяда ў тым, што запытацца не было каму. Змрочны завулак быў зусiм пусты.

Праз некаторы час можна было бачыць Iвана Мiкалаевiча на гранiтных прыступках амфiтэатра Масквы-ракi.

Пасля таго як распрануўся, Iван папрасiў сiмпатычнага барадача, якi палiў самакрутку каля парванае белае талстоўкi i расшнураваных стоптаных чаравiкаў, павартаваць i яго адзенне. Iван памахаў рукамi, каб астыць, ластаўкай скочыў у ваду. Аж дух заняло, гэтакая халодная была вада, мiльганула нават думка, што не ўдасца вынырнуць на паверхню. Аднак вынырнуць удалося, Iван аддыхваўся, фыркаў, з круглымi ад жаху вачыма плаваў у прапахлай нафтаю i мазутам вадзе мiж зiгзагаў ад берагавых лiхтароў.

Калi мокры Iван прыскакаў па прыступках да таго месца, дзе засталося яго адзенне, высветлiлася, што ўкрадзена не толькi яно, але i сам барадач. Якраз на тым самым месцы засталiся толькi паласатыя споднiкi, парваная талстоўка, свечка, iкона i карабок запалак. Iван пагразiў некаму ўдалячынь кулаком, адзеў тое, што засталося.

Цяпер яго пачалi турбаваць дзве думкi: першая - пра тое, што знiкла пасведчанне МАССАЛIТа, з якiм ён нiколi не разлучаўся, i другая - цi ўдасца яму ў такiм выглядзе прайсцi па Маскве? Усё ж у падштанiках... Хаця каму якая справа да гэтага, але каб не было якой-небудзь прыдзiркi альбо затрымкi.

Iван абарваў гузiкi са споднiкаў там, дзе тыя зашпiльвалiся знiзу, разлiчваў, што яны стануць падобнымi на летнiя штаны, забраў iконку, свечку i запалкi i рушыў, на хаду загадаўшы самому сабе:

- Да Грыбаедава! Няма сумнення, што яны там!

Горад ужо жыў вячэрнiм жыццём. У пыле праляталi, пазвоньваючы ланцугамi, грузавiкi, на платформах якiх, на мяшках, жыватамi ўгору, ляжалi нейкiя мужчыны. Усе вокны былi адчыненыя. У кожным з гэтых вокнаў гарэла пад аранжавым абажурам святло, з вокнаў i з усiх дзвярэй, з дахаў i гарышчаў, з падвалаў i двароў вырываўся ахрыплы гук паланеза з оперы "Яўгенiй Анегiн".

Тое, чаго Iван Мiкалаевiч баяўся, збылося: мiнакi звярталi на яго ўвагу, азiралiся. Тады ён вырашыў пакiнуць людныя вулiцы i прабiрацца завулачкамi, дзе людзi не гэтакiя надакучлiвыя, што прыстаюць да босага чалавека з роспытамi пра споднiкi, якiя нiяк не робяцца падобнымi на штаны.