Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 28

Михаил Булгаков

Захапiўшыся брыдкiм катом, Iван ледзь не ўпусцiў галоўнага - прафесара. Але, на шчасце, той не ўспеў уцячы. Iван угледзеў шэры берэцiк у натоўпе ў пачатку Вялiкае Нiкiцкае, альбо па-цяперашняму Герцана. У адно iмгненне Iван апынуўся там. Паэт i хады дадаваў, i спрабаваў подбегам, штурхаў мiнакоў, але i на сантыметр не наблiзiўся да прафесара.

Як не быў засмучаны Iван, яго ўражвала тая ненатуральная хуткасць, з якою iшла пагоня. I дваццаць секунд не прамiнула, як Iван быў ужо аслеплены агнямi Арбацкае плошчы. Яшчэ некалькi секунд - i цёмны завулак з крывымi ходнiкамi, дзе Iван Мiкалаевiч упаў i абабiў калена. Зноў асветленая магiстраль - вулiца Крапоткiна, потым завулак, потым Астожанка i яшчэ адзiн завулак, панылы, непрыгожы i малаасветлены. I вось тут Iван Мiкалаевiч канчаткова згубiў таго, хто быў яму патрэбны. Прафесар знiк.

Iван Мiкалаевiч збянтэжыўся, але ненадоўга, таму што раптам здагадаўся, што прафесар абавязкова павiнен апынуцца ў доме No 13 i абавязкова ў кватэры No 47.

Iван Мiкалаевiч уварваўся ў пад'езд, узляцеў на другi паверх, адразу ж знайшоў гэтую кватэру i нецярплiва пазванiў. Чакаць давялося мала: адчынiла Iвану нейкая дзяўчынка гадоў пяцi, нiчога не спыталася i пайшла некуды.

У вялiзным, ушчэнт занядбаным пярэднiм пакоi, якi асвятляўся маленькай вугальнай лямпачкай пад высокай i чорнай ад бруду столлю, на сцяне вiсеў веласiпед без шын, стаяў вялiзны куфар, акаваны жалезам, а на палiцы над вешалкай ляжала зiмовая шапка, i яе доўгiя вушы звiсалi ўнiз. За аднымi з дзвярэй гулкi мужчынскi голас у радыёапараце сярдзiта крычаў нешта вершамi.

Iван Мiкалаевiч не разгубiўся ў незнаёмых абставiнах i пашыбаваў у калiдор, разважаючы: "Ён, вядома, схаваўся ў ванным пакоi". У калiдоры было цёмна. Патыкаўшыся ў сцены, Iван убачыў вузенькую палоску святла пад дзвярыма, намацаў ручку i пацягнуў за яе. Зашчапка адскочыла, i Iван апынуўся якраз у ванным пакоi, падумаў, што яму пашанцавала.

Аднак пашанцавала не гэтак, як трэба было! На Iвана патыхнула вiльготнай цеплынёй, i, пры святле вуголля ў калонцы, ён убачыў вялiкiя ночвы, якiя вiселi на сцяне, ванну з чорнымi плямамi там, дзе была абабiта эмаль. Дык вось, у гэтай ванне стаяла голая грамадзянка, уся ў мыле i з мачалкаю ў руках. Яна блiзарука прыплюшчылася на Iвана, якi ўварваўся, вiдаць, памылiлася пры гэтым пякельным асвятленнi, сказала цiха i весела:

- Кiрушка! Хопiць вытвараць! Вы што, здурнелi!.. Фёдар Iванавiч зараз вернецца. Марш адсюль зараз жа! - i махнула на Iвана мачалкаю.

Непаразуменне было вiдавочнае, i вiнаваты ў iм быў, вядома ж, Iван Мiкалаевiч. Але прызнацца ў гэтым ён не захацеў i ўсклiкнуў з дакорам: "Ай, распуснiца!.." - i адразу чамусьцi апынуўся на кухнi. Там нiкога не было i на плiце стаяла маўклiва каля дзесятка прымусаў. Толькi месячны праменьчык, якi прабiўся скрозь запыленае, многiя гады не выцiранае шкло, скупа асвятляў куток, дзе ў пыле i павуцiне вiсела забытая iкона, з-за кiвота якое высоўвалiся два канцы вянчальных свечак. Пад вялiкай iконай вiсела прышпiленая маленькая - папяровая.