Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 30
Михаил Булгаков
Iван гэтак i зрабiў - знiк у глыбiнi арбацкiх завулачкаў i пачаў прабiрацца пад сценамi насцярожана, пужлiва азiраючыся, часам хаваўся ў пад'ездах, пазбягаў перакрыжаванняў са святлафорамi, абыходзiў раскошныя дзверы пасольскiх асабнякоў.
I ўсю дарогу яго, незразумела чаму, мучыў неадступны аркестр, пад акампанемент якога цяжкi бас спяваў пра сваю любоў да Таццяны.
Раздзел 5
ДЗЕЯ АДБЫВАЕЦЦА Ў ГРЫБАЕДАВЕ
Старадаўнi двухпавярховы дом крэмавага колеру стаяў на бульварным кальцы ў глыбiнi зачахлага саду, адмежаванага ад ходнiкаў каванаю чыгуннаю рашоткаю. Невялiкая пляцоўка перад домам была заасфальтавана, зiмой на ёй высiўся сумёт з лапатаю, летам яна ператваралася ў цудоўнае аддзяленне рэстарацыi пад парусiнавым тэнтам.
Дом называлi "Домам Грыбаедава" таму, што быццам бы некалi ён належаў цётцы пiсьменнiка - Аляксандра Сяргеевiча Грыбаедава. Ну, належаў цi не належаў - мы дакладна не ведаем. Нават памятаецца, што быццам бы нiякай цёткi-домаўладальнiцы ў Грыбаедава i не было... Аднак дом гэтак звалi. Нават болей, адзiн маскоўскi хлус расказваў, што нiбы на другiм паверсе, у круглай зале з калонамi, знакамiты пiсьменнiк чытаў урыўкi з "Гора ад розуму" гэтай самай цётцы, якая сядзела на сафе. А мiж iншым, д'ябал яго ведае, магчыма, i чытаў, не гэта важна!
А важна тое, што цяпер валодаў гэтым домам МАССАЛIТ, якi ўзначальваў Мiхаiл Аляксандравiч Берлiёз да свайго з'яўлення на Патрыярхавых сажалках.
З лёгкае рукi сябраў МАССАЛIТа нiхто не называў дом "Домам Грыбаедава", а ўсе гаварылi проста - "Грыбаедаў": "Я ўчора дзве гадзiны правалэндаўся ў Грыбаедава". - "Ну, i як?" - "Дабiўся на месяц у Ялту". - "Малайчына!" Альбо: "Пайсцi да Берлiёза, ён сёння з чатырох да пяцi прымае ў Грыбаедаве..." i гэтак далей.
МАССАЛIТ размясцiўся ў Грыбаедаве гэтак, што лепш i ўтульней не можа i быць. Кожны, хто заходзiў у Грыбаедава, перш за ўсё мiжволi знаёмiўся з паведамленнямi розных спартовых кружкоў i з групавымi, а таксама iндывiдуальнымi фотаздымкамi сябраў МАССАЛIТа, якiмi (фотаздымкамi) былi абвешаны лесвiчныя сцены на другi паверх.
На дзвярах першага пакоя на гэтым жа паверсе быў вiдаць надпiс вялiкiмi лiтарамi: "Рыбна-лецiшчная секцыя" i намаляваны карась, якi трапiўся на вуду.
На дзвярах пакоя No 2 было напiсана нешта не зусiм зразумелае: "Аднадзённая творчая пуцёўка. Звяртацца да М.В.Падложнай".
Наступныя дзверы трымалi на сабе кароткi, але ўжо зусiм незразумелы надпiс: "Пералыгiна". Потым у выпадковага наведвальнiка Грыбаедава пачыналi разбягацца вочы ад надпiсаў, якiя стракацелi на арэхавых цётчыных дзвярах: "Запiс у чаргу на паперу ў Паклёўкiнай", "Каса", "Асабiсты разлiк скетчыстаў"...
Перасекшы даўжэзную чаргу, якая пачыналася ўнiзе ад швейцарскага пакоя, можна было ўбачыць надпiс на дзвярах, куды пёрся народ: "Кватэрнае пытанне".
За кватэрным пытаннем вiднеўся раскошны плакат, на якiм была намалявана скала, а на яе грэбенi ехаў коннiк у бурцы i з вiнтоўкаю за плячыма. Нiжэй пальмы i балкон, на балконе сядзеў малады чалавек з чубчыкам, глядзеў некуды ўгору шустрымi вачыма i трымаў у руцэ самапiску. Подпiс: "Поўнааб'ёмныя творчыя адпачынкi ад двух тыдняў (апавяданне-навела) да аднаго года (раман, трылогiя). Ялта, Суук-Су, Баравое, Цыхiдзiры, Махiнджауры, Ленiнград (Зiмнi палац)". Ля гэтых дзвярэй таксама была чарга, але невялiкая, сотнi на паўтары.