Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 237
Михаил Булгаков
Будзiць вучонага i прымушае яго крычаць у месячную ноч адно i тое. Ён бачыць ненатуральнага, нейкага бязносага ката, якi падскоквае, вухкае i коле кап'ём у сэрца прывязанаму да слупа i звар'яцеламу Гестасу. Але не гэтакi страшны кат, як ненатуральнае асвятленне ў сне, святло iдзе ад хмары, якая кiпiць i падае на зямлю, як гэта бывае толькi ў час сусветных катастроф.
Пасля ўколу ўсё мяняецца. Ад ложка да акна рассцiлаецца шырокая месячная дарога, i на гэту дарогу выходзiць чалавек у белым плашчы з крывавым падбоем i пачынае iсцi на месяц. Побач з iм iдзе нейкi малады чалавек у парваным хiтоне i са знявечаным тварам. Падарожныя пра нешта гавораць, спрачаюцца, хочуць пра нешта дамовiцца.
- Божа, божа, - гаворыць чалавек у плашчы i паварочвае пагардлiвы твар да свайго спадарожнiка. - Якое няўдалае пакаранне. Але ты мне скажы, калi ласка, - твар з пагардлiвага робiцца ўмольным, - скажы, яго ж не было! Малю цябе, скажы, не было?
- Ну, вядома, не было, - адказвае хрыплым голасам спадарожнiк, - гэта табе здалося.
- I ты можаш паклясцiся ў гэтым? - умольна просiць чалавек у плашчы.
- Клянуся! - адказвае спадарожнiк, i вочы ў яго чамусьцi ўсмiхаюцца.
- Больш мне нiчога не трэба! - ахрыплым голасам ускрыквае чалавек у плашчы i ўзыходзiць усё вышэй да месяца, вядзе за сабой i свайго спадарожнiка. За iмi iдзе спакойны i велiчны вялiзны вастравухi сабака.
I тады месячная дарога закiпае, пачынае разлiвацца белай плынню ва ўсе бакi. Поўня валадарыць i раскашуе, танцуе i шалее. Потым з плынi ўзнiкае незвычайнае прыгажосцi жанчына i выводзiць да Iвана за руку зарослага барадой чалавека, якi спалохана азiраецца. Iван Мiкалаевiч адразу пазнае яго. Гэта той нумар сто васемнаццаты, яго начны госць. Iван Мiкалаевiч у сне падае яму руку i прагна пытаецца:
- Дык, значыць, гэтак i скончылася?
- Гэтак i скончылася, мой вучань, - адказвае нумар сто васемнаццаты, а жанчына падыходзiць да Iвана i гаворыць:
- Вядома, гэтак. Усё скончылася, i ўсё канчаецца...I я вас пацалую ў лоб, i ў вас усё будзе добра.
Яна нахiляецца да Iвана i цалуе яго ў лоб, i Iван падаецца насустрач i ўглядаецца ёй у вочы, але яна адступае, адступае i iдзе разам са сваiм спадарожнiкам да поўнi...
Тады поўня пачынае шалець, яна абрынае на Iвана струменi святла, яна распырсквае святло ва ўсе бакi, у пакоi пачынаецца месячная паводка, святло хвалюецца, падымаецца вышэй, затоплiвае ложак. Вось тады i спiць Iван са шчаслiвым тварам.
Ранiцаю ён прачынаецца маўклiвы, але зусiм здаровы i спакойны. Яго зраненая памяць супакойваецца, i да наступнае поўнi прафесара не растрывожыць нiхто: нi бязносы забойца Гестаса, нi люты пяты пракуратар Юдэi, коннiк Понцiй Пiлат.
1929-1940