Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 31
Михаил Булгаков
Далей iшлi адпаведна паваротам, пад'ёмам i спускам грыбаедаўскага дома, "Праўленне МАССАЛIТа", "Касы No 2, 3, 4, 5", "Рэдакцыйная калегiя", "Старшыня МАССАЛIТа", "Бiльярдная", розныя дапаможныя ўстановы i, нарэшце, тая самая зала з каланадаю, дзе цётка цешылася камедыяй генiяльнага пляменнiка.
Кожны наведвальнiк, калi ён, вядома, быў не зусiм тупы, калi трапляў у Грыбаедава, адразу ж думаў пра тое, як добра жывецца шчаслiўчыкам - сябрам МАССАЛIТа, i чорная зайздрасць пачынала пакрысе мучыць яго. I ўзнiкаў горкi дакор за тое, што яго прырода не надзялiла пры нараджэннi лiтаратурным талентам, без чаго, натуральна, няварта было i марыць, каб завалодаць бiлетам МАССАЛIТа, карычневым, якi пах дарагою скураю, з залатою шырокаю аблямоўкаю, вядомы на ўсю Маскву бiлет.
Хто будзе абараняць зайздрасць? Гэта пачуццё катэгорыi дрэнных людзей, але ўсё ж зразумець наведвальнiка можна. Бо ўсё тое, што ён бачыў на верхнiм паверсе, было яшчэ не ўсё, зусiм не ўсё. Увесь нiжнi паверх цётчынага дома займала рэстарацыя, i якая рэстарацыя! Справядлiва яна лiчылася сама лепшай у Маскве. I не толькi таму, што месцiлася ў двух вялiкiх залах з высокай столлю, размаляванай лiловымi асiрыйскiмi конямi з грывамi, не толькi таму, што на кожным стале стаяла лямпа, прыкрытая шалем, не толькi таму, што туды не мог трапiць кожны з вулiцы, а яшчэ i таму, што якасцю прадуктаў Грыбаедаў перамагаў усе маскоўскiя рэстарацыi i што iх тут прадавалi па даволi сходнай цане.
Таму няма нiчога дзiўнага пачуць вось такую размову, якую аднойчы пачуў аўтар гэтых сама праўдзiвых радкоў ля чыгуннае рашоткi Грыбаедава:
- Ты дзе сёння вячэраеш, Амбросiй?
- Яшчэ пытаешся, вядома, тут буду, дарагi Фока! Арчыбальд Арчыбальдавiч шапнуў мне сёння, што будуць парцыённыя судачкi а нацюрэль. Вiртуозная штучка!
- Умееш ты жыць, Амбросiй! - уздыхаючы, гаварыў худы, зашморганы, з карбункулам на шыi Фока чырванагубаму волату, золатавалосаму, таўсташчокаму Амбросiю-паэту.
- Нiякага асаблiвага ўмення ў мяне няма, - пярэчыў Амбросiй, - а звычайнае iмкненне жыць па-чалавечы. Ты хочаш сказаць, Фока, што судачкi бываюць i ў "Калiзеi"? Але ў "Калiзеi" порцыя судачкоў каштуе трынаццаць рублёў пятнаццаць капеек, а ў нас - пяць пяцьдзесят! Акрамя таго, у "Калiзеi" судачкi трохдзённыя, i, яшчэ, у цябе няма гарантыi, што ў "Калiзеi" ты не атрымаеш ад першага сустрэчнага, якi ўварваўся з Тэатральнага праезда, вiнаграднаю гронкаю па мордзе. Не, я катэгарычна супраць "Калiзея", - грымеў на ўвесь бульвар пераборлiвы Амбросiй. - Не ўгаворвай мяне, Фока.