Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 27
Михаил Булгаков
- Грамадзянiн, - зноў умяшаўся працiўны рэгент, - вы што ж гэта палохаеце iнтурыста? За гэта вы строга адкажаце! - А падазроны прафесар напусцiў пагарду на твар, завярнуўся i пайшоў прэч ад Iвана.
Iван адчуў, што разгубiўся. Задыхаючыся, ён звярнуўся да рэгента:
- Гэй, грамадзянiн, дапамажыце затрымаць злачынца! Вы абавязаны гэта зрабiць!
Рэгент ажывiўся, усхапiўся i закрычаў:
- Якi злачынец? Дзе ён? Чужаземны злачынец? - рэгентавы вочы радасна засвяцiлiся. - Гэты? Калi ён злачынец, то найперш трэба крычаць: "Каравул!" А то ён уцячэ. Давайце разам. Разам! - i тут рэгент разявiў пашчу.
У разгубленасцi Iван паслухаўся штукара-рэгента i крыкнуў: "Каравул!", а рэгент яго абмануў i нiчога не крыкнуў.
Адзiнокi хрыпаты Iванаў крык нiчога добрага не даў. Дзве нейкiя дзяўчыны шарахнулiся ад яго, i ён пачуў слова "п'яны!".
- Э, дык ты з iм заадно? - злосна закрычаў Iван. - Ты што, здзекуешся з мяне? Пусцi!
Iван кiнуўся ўправа, i рэгент - управа. Iван - улева, i той мярзотнiк таксама.
- Ты знарок пад нагамi блытаешся? - азвярэла закрычаў Iван. - Я цябе самога здам у мiлiцыю!
Iван паспрабаваў схапiць нягоднiка за рукаў, але прамазаў i нiчога не злавiў. Рэгент быццам скрозь зямлю правалiўся.
Iван вохнуў, глянуў удалечыню i ўгледзеў ненавiснага незнаёмца. Той ужо быў ля выхаду ў Патрыярхаў завулак, i не адзiн. Болей чым сумнiцельны рэгент паспеў далучыцца да яго. Але гэта яшчэ не ўсё: трэцiм у гэтай кампанii аказаўся вялiкi, як кармляк, чорны, як сажа альбо грак, кот з вялiзнымi кавалерыйскiмi вусамi, якi невядома адкуль узяўся. Тройца рушыла ў Патрыярхаў завулак, прычым кот iшоў на заднiх лапах.
Iван кiнуўся ўслед за злачынцамi i адразу ж пераканаўся, што дагнаць iх будзе вельмi цяжка.
Тройца iмгненна праляцела па Патрыярхавым i апынулася на Спiрыдонаўцы. Колькi Iван нi прыбаўляў хады, адлегласць нiяк не скарачалася. I не паспеў паэт апамятацца, як пасля цiхае Спiрыдонаўкi апынуўся ля Нiкiцкiх варот, дзе становiшча яго пагоршылася. Тут ужо было шмат людзей, Iван наляцеў на мiнака, яго аблаялi. Бандыцкая шайка тут вырашыла ўжыць выпрабаваны бандыцкi прыём уцякаць уроссып.
Рэгент спрытна на хаду ўскочыў у аўтобус, якi iмчаў да Арбацкае плошчы, i знiк. Пасля таго як згубiў аднаго ўцекача, Iван засяродзiў сваю ўвагу на кату i бачыў, як гэты дзiўны кот падышоў да падножкi маторнага вагона "А", што стаяў на прыпынку, нахабна адапхнуў жанчыну, якая аж вiскнула, ухапiўся за парэнчу i нават паспрабаваў сунуць кандуктарцы грыўню праз адчыненае з-за духаты акно.
Паводзiны ката гэтак уразiлi Iвана, што ён нерухома замёр ля бакалейнай крамы на рагу, i тут другi раз яшчэ больш быў уражаны паводзiнамi кандуктаркi. Тая, як толькi ўгледзела ката, якi лез у трамвай, аж закалацiлася ад злосцi i закрычала:
- Катам нельга! З катамi нельга! Псiк! Злазь, а то мiлiцыю паклiчу!
I кандуктарку, i пасажыраў уразiла тое, што кот лезе ў трамвай, а не тое, што ён збiраецца заплацiць!
Кот аказаўся не толькi здольны аплацiць, але i дысцыплiнаваны. Пасля першага ж вокрыку ён спынiў наступ, злез з падножкi i сеў на прыпынку, пацiраючы грыўняй вусы. Але як толькi кандуктарка тузанула за вяроўку i трамвай рушыў, кот зрабiў тое, што робяць усе, каго выганяюць з трамвая i каму трэба ехаць. Кот прапусцiў усе тры вагоны, ускочыў на заднюю дугу апошняга, лапаю ўчапiўся за нейкую кiшку, якая тырчала збоку, i паехаў, тым самым зэканомiўшы i грыўню.