Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн

Михаил Булгаков

Приятного чтения!

Булгаков Михаил

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

Мiхаiл Булгакаў

Майстар i Маргарыта

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Дык хто ж ты?

- Частка сiлы той лiхой,

Дабро ўтвараецца з якой.

Гётэ. "Фаўст"

Раздзел 1

НIКОЛI НЕ РАЗМАЎЛЯЙЦЕ З НЕВЯДОМЫМI

Аднойчы вясною, у надзвычай душны адвячорак, на Патрыярхавых сажалках у Маскве з'явiлiся двое. Першы, у шэранькiм летнiм гарнiтуры, быў маленькi ростам, сыты, лысы, свой прыстойны на выгляд капялюш-булачку нёс у руцэ, а на чыста выгаленым твары меў велiзарныя акуляры ў рагавой аправе. Другi плячысты, рыжаваты, вiхрасты малады чалавек у клятчастай шапачцы, ссунутай на патылiцу, - быў у каўбойцы, пакамечаных белых штанах i ў чорных тапачках.

Першы быў сам Мiхаiл Аляксандравiч Берлiёз, старшыня праўлення адной з буйнейшых маскоўскiх лiтаратурных асацыяцый, якая скарочана называлася МАССАЛIТ, i рэдактар тоўстага мастацкага часопiса, а малады яго спадарожнiк паэт Iван Мiкалаевiч Паныроў, якi падпiсваўся псеўданiмам Бяздомны.

Як толькi апынулiся ў цянi ледзь зазелянелых лiп, пiсьменнiкi найперш кiнулiся да страката размаляванай будачкi з надпiсам: "Пiва i воды".

Тут варта адзначыць першую незвычайную акалiчнасць гэтага страшнага травеньскага вечара. Не толькi ля будачкi, але i ва ўсiх прысадах уздоўж Малой Броннай вулiцы не аказалася нiводнага чалавека. У той час, калi, здаецца, не ставала сiлы нават i дыхаць, калi сонца, пасля таго як напякло Маскву, падала кудысьцi за Садовае кальцо, - нiхто не прыйшоў пад лiпы, нiхто не сеў на лавачку, пуста было пад прысадамi.

- Дайце нарзану, - папрасiў Берлiёз.

- Няма нарзану, - адказала жанчына ў будачцы i чамусьцi пакрыўдзiлася.

- Пiва ёсць? - сiпла спытаў Бяздомны.

- Пiва прывязуць вечарам, - адказала жанчына.

- А што ёсць? - дапытваўся Берлiёз.

- Абрыкосавая, але цёплая, - сказала жанчына.

- Ну, давайце, давайце, давайце!..

Абрыкосавая пагнала шчодрую жоўтую пену, i ў паветры запахла цырульняй. Пасля таго як выпiлi, лiтаратары пачалi адразу ж iкаць, разлiчылiся i селi на лаўцы тварам да сажалкi i плячыма да Броннай.

Тут адбылося другое незвычайнае здарэнне, якое датычыла толькi аднаго Берлiёза. Ён раптоўна перастаў iкаць, яго сэрца страпянулася i на iмгненне кудысьцi правалiлася, потым вярнулася на сваё месца, але з тупою iголкаю, якая ўкалолася ў яго. Акрамя ўсяго, Берлiёза апанаваў незразумелы, але вялiкi страх, яму раптам захацелася бягом уцячы з Патрыярхавых сажалак без аглядкi. Берлiёз сумна азiрнуўся, не разумеючы, што яго гэтак напалохала. Ён пабялеў, выцер лоб хусцiнкай, падумаў: "Што гэта са мною робiцца? Такога раней не было... сэрца падводзiць... я стамiўся. Вiдаць, трэба кiдаць усё к д'яблу i ў Кiславодск..."

I тут спякотнае паветра згусцiлася перад iм, i з яго саткаўся празрысты грамадзянiн, вельмi дзiўны на выгляд. На маленькай галоўцы жакейская шапачка, клятчасты кароценькi i лёгенькi пiнжачок... Грамадзянiн быў ростам з сажань, але вузкi ў плячах, надзвычай худы, а твар, вымушаны заўважыць, меў здзеклiвы.

Берлiёзава жыццё было такое, што да незвычайных з'яў ён не прывык, таму яшчэ болей спалатнеў, вылупiў вочы i ў разгубленасцi падумаў: "Не можа гэтага быць!.."