Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 231

Михаил Булгаков

Але былi i яшчэ ахвяры, ужо пасля таго, як Воланд паехаў са сталiцы, i ахвярамi гэтымi сталi чорныя каты.

Штук сто гэтых мiрных, адданых чалавеку i карысных жывёлiн былi застрэлены альбо знiшчаны iншымi спосабамi ў розных месцах краiны. Дзесятка паўтара страшэнна збiтых катоў былi дастаўлены ў аддзяленнi мiлiцыi ў розных гарадах. Напрыклад, у Армавiры адзiн з гэтых нi ў чым не вiнаватых звяркоў быў прыведзены ў мiлiцыю са звязанымi пярэднiмi лапамi нейкiм грамадзянiнам.

Падпiльнаваў гэтага ката грамадзянiн у той момант, калi жывёлiна са зладзейскiм выглядам (а што зробiш, што ў ката гэтакi выгляд? Гэта не таму, што ён дрэнны ад прыроды, а таму, што каты баяцца, каб хто-небудзь з iстот дужэйшых, чым яны, - сабакi альбо людзi, - не прычынiлi шкоды цi крыўды. I адно i другое зрабiць не цяжка, але, паверце, гонару ў гэтым мала. Зусiм мала!), дык вось са зладзейскiм выглядам кот збiраўся шуснуць чагосьцi ў лапух.

Грамадзянiн, навалiўшыся на ката, зрываў з шыi гальштук, каб звязаць яго, i грозна мармытаў:

- Ну! Значыць, цяпер да нас, у Армавiр,прыехалi, паны гiпнатызёры? Не, тут вас не спалохалiся. Ды вы не прытварайцеся нямым. Мы ўжо ведаем, што вы за цаца!

Цягнуў у мiлiцыю грамадзянiн ката за пярэднiя лапы i прымушаў, каб той iшоў на заднiх.

- Вы, - крычаў грамадзянiн пад хлапчукоўскi свiст, - перастаньце дурнем прытварацца! Не выйдзе! Iдзiце, як i ўсе ходзяць!

Чорны кот толькi закочваў пакутлiва вочы. Пазбаўлены слова, ён нiяк не мог апраўдацца. Выратаваннем сваiм звер абавязаны ў першую чаргу мiлiцыi i сваёй гаспадынi, паважанай старэнькай удаве. Ледзь толькi ката прывялi ў аддзяленне, там пераканалiся, што ад грамадзянiна дабравата тхне гарэлкаю, таму ў яго сведчаннi ўсумнiлiся. А тым часам бабулька пачула ад суседзяў, што яе ката замялi, пабегла ў мiлiцыю i паспела ўпору. Яна расхвалiла ката, сказала, што ведае яго пяць гадоў, яшчэ з таго часу, як той быў кацянём, ручаецца за яго як за сябе самую, даказала, што ён нiколi нiчога благога не рабiў i ў Маскву не ездзiў. Як нарадзiўся ён у Армавiры, гэтак у iм вырас i навучыўся лавiць мышэй.

Ката развязалi i вярнулi гаспадынi, але ён паспеў хапiць гора: спазнаў на сваёй скуры, што такое памылка i паклёп.

Акрамя катоў, невялiкiя непрыемнасцi спасцiглi сяго-таго i з людзей. Адбылося некалькi арыштаў. У лiку iншых часова затрыманы былi ў Ленiнградзе грамадзяне Вольман i Вольпер, у Саратаве, Кiеве, Харкаве - трое Валодзiных, у Казанi - Волах, а ў Пензе, i зусiм невядома чаму, - кандыдат хiмiчных навук Ветчынкевiч. Праўда, вялiкага росту, вельмi смуглы брунет.

Папалiся таксама ў розных месцах, акрамя гэтага, дзевяць Каровiных, чатыры Кароўкiны i два Караваевы.

Нейкага грамадзянiна ссадзiлi,звязанага,з севастопальскага цягнiка на станцыi Белгарад. Грамадзянiн гэты задумаў пацешыць спадарожнiкаў картачнымi фокусамi.

У Яраслаўлi, якраз у абед, у рэстарацыю зайшоў грамадзянiн з прымусам у руцэ, якi ён толькi што забраў з рамонту. Абодва швейцары, як толькi ўгледзелi яго, кiнулiся ўцякаць, а следам за iмi ламанулi i ўсе наведвальнiкi рэстарацыi i служачыя. Пры гэтым у касiркi не зразумела якiм чынам знiкла ўся выручка.