Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 233

Михаил Булгаков

Але вось што засталося для следства загадкаю - гэта прычына, якая прымусiла шайку ўкрасцi псiхiчна хворага, якi называў сябе майстрам, з бальнiцы. Гэтага высветлiць не ўдалося, гэтаксама як i прозвiшча хворага. Гэтак i застаўся ён пад мёртваю клiчкаю: "нумар сто васемнаццаты з першага корпуса".

Такiм чынам усё было растлумачана, i расследаванне наогул скончылася.

Прайшло некалькi гадоў, i грамадзяне пачалi забываць пра Воланда, пра Кароўева i астатнiх. Адбылiся многiя перамены ў жыццi тых, хто пацярпеў ад Воланда i яго памагатых, i якiя б нязначныя нi былi гэтыя перамены, але пра iх нельга не сказаць.

Напрыклад, Жорж Бенгальскi пасля трох месяцаў выйшаў з лякарнi, але службу ў Вар'етэ пакiнуў у сама гарачы час, калi публiка валам валiла па бiлеты, памяць пра чорную магiю i пра яе выкрыццё была жывучая. Кiнуў Бенгальскi Вар'етэ, бо разумеў, што выходзiць кожны вечар да дзвюх тысяч чалавек, якiя цябе пазнаюць i будуць здзекавацца, пытацца, як лепш яму: з галавой цi без галавы? - занадта пакутлiва.

Акрамя ўсяго, страцiў канферансье значную частку сваёй весялосцi, якая гэтак неабходна яго прафесii. Засталася ў яго цяжкая непрыемная прывычка кожную вясну пры поўнi чамусьцi трывожыцца, раптоўна хапацца за шыю, спалохана азiрацца i плакаць. Прыпадкi гэтыя праходзiлi, але ўсё ж займацца ранейшаю прафесiяй ён не мог, i канферансье пайшоў на заслужаны адпачынак, жыў на тое, што назбiраў, i грошай яму павiнна было хапiць гадоў на пятнаццаць.

Ён пакiнуў работу i болей нiколi не сустракаўся з Варэнухам, якi займеў вялiкую папулярнасць i любоў за сваю неверагодную, нават у асяроддзi тэатральных адмiнiстратараў, ветлiвасць i добразычлiвасць. Кантрамарачнiкi яго iнакш i не называлi, як родным бацькам. У якi б час i хто б нi патэлефанаваў у Вар'етэ, заўсёды ў слухаўцы быў чуваць мяккi, але сумны голас: "Слухаю вас", а ў адказ на просьбу паклiкаць да тэлефона Варэнуху, ён адказваў: "Я слухаю вас". Але затое i цярпеў Iван Савельевiч ад свае ветлiвасцi!