Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 229
Михаил Булгаков
Горы ператварылi майстраў голас у гром, i гэты гром iх разбурыў. Праклятыя скалiстыя горы рассыпалiся. Засталася толькi тэраса з каменным крэслам. Над чорнаю прорваю, у якую правалiлiся сцены, паўстаў неабдымны горад з уладарнымi над iм зiхоткiмi iдаламi над пышным садам, якi вырас за многа тысяч месяцаў. Проста да гэтага саду працягнулася доўгачаканая пракуратам месячная дарога, i першы кiнуўся бегчы па ёй вастравухi сабака. Чалавек у белым плашчы з крывавым падбоем устаў з крэсла i нешта крыкнуў хрыплым, сарваным голасам. Нельга было разабрацца, плача ён цi смяецца i што крычыць. Вiдаць было толькi, што следам за сваiм адданым вартаўнiком па месячнай дарозе iмклiва пабег i ён.
- Мне туды, за iм? - спытаўся неўгамонны майстар i тузануў за павады.
- Не, - сказаў Воланд, - навошта ж даганяць тое, што ўжо скончылася?
- Тады, выходзiць, туды? - спытаў майстар, завярнуўся i паказаў назад, туды, дзе саткаўся нядаўна пакiнуты горад з манастырскiмi пранiкавымi вежамi, з разбiтым ушчэнт сонцам у аконным шкле.
- Таксама не, - адказаў Воланд, i голас яго пагусцеў i пацёк над скаламi. - Рамантычны майстар! Той, каго гэтак прагне пабачыць выдуманы вамi герой, якога вы самi толькi што адпусцiлi, прачытаў ваш раман, - тут Воланд завярнуўся да Маргарыты: - Маргарыта Мiкалаеўна! Нельга не паверыць таму, што вы хацелi прыдумаць майстру найлепшую будучыню, але, сапраўды, тое, што я прапаноўваю вам, i тое, пра што прасiў Iешуа за вас таксама, - яшчэ лепш. Пакiньце iх удваiх, - сказаў Воланд, нахiлiўся са свайго сядла да майстра i паказаў услед пракуратару, - не будзем iм перашкаджаць. I магчыма, яны пра што-небудзь i дамовяцца, - тут Воланд махнуў рукой на Ершалаiм, i той знiк.
- I там таксама, - Воланд паказаў назад, - што рабiць вам у падвальчыку? Тут патухла пабiтае сонца ў шыбах. - Навошта? - працягваў Воланд пераканаўча i далiкатна. - О тройчы рамантычны майстар, няўжо вы не хочаце гуляць удзень са сваёй сяброўкаю пад вiшнямi, якiя пачынаюць зацвiтаць, а вечарам слухаць музыку Шуберта? Няўжо вам не будзе прыемна пiсаць пры свечках гусiным пяром? Няўжо вам не хочацца, як Фаўсту, сядзець над рэтортаю ў спадзяваннi, што вам удасца зрабiць новага гамункула? Туды, туды! Там чакае вас дом i стары слуга, свечкi гараць ужо, а хутка яны патухнуць, таму што вы зараз сустрэнеце свiтанне. Па гэтай дарозе, майстар, па гэтай! Бывайце! Мне час.
- Бывайце! - адным крыкам адказалi Воланду Маргарыта i майстар.
Тады чорны Воланд напрасткi кiнуўся ў бездань, а следам за iм прашумела i яго свiта. Раптоўна знiклi скалы, сама пляцоўка i месячная дарога да горада Ершалаiма. Знiклi i чорныя конi. Майстар i Маргарыта ўбачылi паабяцанае свiтанне. Яно пачыналася адразу пасля начное поўнi. Майстар са сваёй сяброўкаю ў бляску першых сонечных промняў iшоў па мураваным замшэлым мастку. Яны прайшлi па iм. Ручай застаўся ззаду ў верных каханкаў, яны ступалi па пясчанай дарозе.
- Слухай цiшыню, - гаварыла Маргарыта майстру, i пясок шаптаў у яе пад босымi нагамi, - слухай i цешся тым, што ў цябе адбiралi пры жыццi, - цiшынёй. Глядзi, вунь наперадзе твой вечны дом, якi табе дадзены як узнагарода. Я бачу ўжо венецыянскае акно i як уецца вiнаград, ён падымаецца да самага даху. Вось твой дом, твой вечны дом. Я ведаю, што вечарам да цябе прыйдуць тыя, каго ты любiш, хто цябе цiкавiць i хто цябе не засмуцiць. Яны будуць iграць, яны будуць спяваць, ты ўбачыш, якое святло ў пакоi ад запаленых свечак. Ты будзеш засынаць у сваiм вечным каўпаку, засынаць з усмешкаю на твары. Сон зробiць цябе дужым, ты будзеш мудра разважаць. А прагнаць мяне ты не зможаш ужо. Сон твой буду ахоўваць я.