Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 230

Михаил Булгаков

Гэтак гаварыла Маргарыта i iшла з майстрам да вечнага дома, i майстру здавалася, што Маргарыцiны словы плюскочуць i шэпчуць гэтак, як шаптаў пакiнуты ззаду ручай, i памяць майстра, балючая, уся сколатая калючкамi памяць пачала патухаць. Хтосьцi адпускаў майстра на волю, як ён толькi што адпусцiў створанага iм героя. Гэты герой правалiўся ў прорву, пайшоў назаўсёды, атрымаўшы дараванне ў ноч перад нядзеляй, сын караля-астролага, люты пяты пракуратар Юдэi, коннiк Понцiй Пiлат.

Эпiлог

Але што адбывалася потым у Маскве пасля таго, як у суботнi вечар перад захадам сонца Воланд пакiнуў сталiцу, знiк разам са сваёй свiтай з Вераб'ёвых гор?

Пра тое, што доўга яшчэ па ўсёй сталiцы кацiўся гул ад сама неверагодных чутак, якiя вельмi хутка перакiнулiся нават у далёкiя i глухiя мясцiны ў правiнцыi, i гаварыць не варта. Небылiцы гэтыя нават непрыемна паўтараць.

Аўтар гэтых праўдзiвых радкоў у цягнiку ў Феадосiю чуў расказ пра тое, як у Маскве дзве тысячы чалавек выйшлi з тэатра голыя i ў гэтакiм выглядзе раз'ехалiся па дамах на таксi.

Шэпт "Нячыстая сiла..." чуўся ў чэргах у малочных, у трамваях, у крамах, у кватэрах, на кухнях, у цягнiках, i лецiшчных i мiжгароднiх, на станцыях i паўстанках, на лецiшчах i на пляжах.

Найбольш развiтыя i культурныя людзi ў гэтых расказах пра нячыстую сiлу, якая наведала сталiцу, вядома, удзелу не прымалi i нават насмiхалiся з iх i спрабавалi абразумiць расказчыкаў. Але факт, як гавораць, застаецца фактам, i адмахнуцца ад яго без тлумачэнняў нельга: хтосьцi ўсё ж пабыў у сталiцы. Адно вуголле, якое засталося ад Грыбаедава, ды i шмат iншага гэта пацвярджала.

Культурныя людзi сталi на бок следства: працавала шайка гiпнатызёраў i чэрававяшчальнiкаў, якiя цудоўна валодаюць сваiм майстэрствам.

Захады злавiць шайку ў Маскве i за яе межамi, вядома, былi зроблены неадкладна i энергiчна, але, на вялiкi жаль, вынiкаў не далi. Той, хто называў сябе Воландам, са сваiмi памагатымi знiк, i ў Маскву болей не вяртаўся, i нiдзе болей не аб'яўляўся. Зусiм натуральна ўзнiкла меркаванне, што ён уцёк за мяжу, але i там нiдзе не выявiўся.

Следства па яго справе працягвалася доўга. Як не кажы, а справа была жахлiвая! Акрамя чатырох спаленых дамоў i соцень звар'яцелых людзей, былi i забiтыя. Пра двух можна сказаць дакладна: гэта Берлiёз i няшчасны служачы з Бюро па азнаямленнi чужаземцаў са знакамiтасцямi Масквы, былы барон Майгель. Яны былi забiтыя. Абгарэлыя косцi другога былi знойдзены ў кватэры No 50 на Садовай вулiцы пасля таго, як патушылi пажар. Так, былi ахвяры, i гэта патрабавала расследавання.