Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 228
Михаил Булгаков
- Ваш раман прачыталi, - загаварыў Воланд i завярнуўся да майстра, - i сказалi толькi адно, што ён, на жаль, не скончаны. Дык вось, мне хацелася паказаць вам вашага героя. Амаль дзве тысячы гадоў сядзiць ён на гэтай тэрасе на вяршынi i спiць, але калi надыходзiць поўня, бачыце, яго пачынае мучыць бяссонне. Яно мучыць не толькi яго, але i яго вернага вартавога сабаку. Калi гэта праўда, што баязлiвасць - сама цяжкi чалавечы недахоп, то, бадай, сабака тут не вiнаваты. Адзiнае, чаго баяўся смелы сабака, гэта навальнiцы. Але той, хто любiць, павiнен падзяляць лёс таго, каго ён любiць.
- Што ён гаворыць? - спытала Маргарыта, i на спакойным яе твары адбiлася спачуванне.
- Ён гаворыць адно i тое, - пачуўся Воландаў голас. - Ён гаворыць, што i пры месяцы яму няма спакою i што ў яго дрэнная пасада. Гэтак ён гаворыць заўсёды, калi не спiць, а калi спiць, то снiць адно i тое ж - месячную дарогу i хоча пайсцi па ёй, каб пагаварыць з арыштантам Га-Ноцры, таму што, як ён сцвярджае, нечага не дагаварыў тады, даўно, чатырнаццатага чысла вясновага месяца нiсана. Але, на жаль, на гэтую дарогу яму выйсцi чамусьцi не ўдаецца, i да яго нiхто не прыходзiць. I яму нiчога не застаецца, як размаўляць самому з сабой. Хаця патрэбна i нейкая разнастайнасць, i да свае гаворкi пра поўню ён часам дадае, што больш за ўсё на свеце ненавiдзiць сваю несмяротнасць i вялiкую славу. Ён сцвярджае, што ахвотна памяняў бы свой лёс на лёс валацугi i абарванца Левiя Мацея.
- Дванаццаць тысяч поўняў за адну поўню калiсьцi, цi не занадта многа? спыталася Маргарыта.
- Паўтараецца гiсторыя з Фрыдай? - сказаў Воланд. - Але, Маргарыта, не турбуйце сябе дарэмна. Усё будзе па-справядлiвасцi, на гэтым трымаецца свет.
- Адпусцiце яго! - раптам пранiзлiва закрычала Маргарыта, гэтак, як яна крычала тады, калi была ведзьмай, i ад гэтага крыку сарваўся камень у гарах i паляцеў з падскокамi ў бездань, аглушаючы горы грукатам. Маргарыта не магла сказаць, цi гэта быў грукат ад каменя, цi водгулле сатанiнскага смеху. Як бы яно нi было, але Воланд смяяўся, пазiраў на Маргарыту i гаварыў:
- Не трэба крычаць у гарах, ён усё роўна прывык да абвалаў, i гэта яго не патрывожыць. Вам не трэба прасiць за яго, Маргарыта, таму што за яго папрасiў ужо той, з кiм ён хоча пагаварыць. - Тут Воланд зноў завярнуўся да майстра i сказаў: - Ну што ж, цяпер вы ваш раман можаце скончыць адным сказам!
Майстар нiбы чакаў гэтага, пакуль стаяў нерухома i глядзеў на пракуратара. Ён склаў рукi рупарам i крыкнуў гэтак, што рэха пракацiлася па бязлюдных i бязлесых гарах:
- Вольны! Вольны! Ён чакае цябе!