Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 227

Михаил Булгаков

- Чаму ён гэтак перамянiўся? - спыталася Маргарыта цiха пад ветраны посвiст у Воланда.

- Рыцар гэты калiсьцi няўдала пажартаваў, - адказаў Воланд i завярнуў да Маргарыты свой твар з адным блiскучым вокам, - яго жарт, калi ён гаварыў пра святло i пра цемру, быў не зусiм добры. I рыцару давялося пажартаваць пасля гэтага намнога болей, чым ён меркаваў сам. Але сёння такая ноч, калi закрываюцца рахункi ўсiх даўгоў. Рыцар свой доўг выплацiў i рахунак закрыў!

Ноч адарвала i пушысты хвост у Бегемота, садрала з яго шэрсць i развеяла яе камякi па балотах. Той, хто быў катом, цяпер аказаўся худзенькiм юнаком, дэманам-пажам, лепшым шутом, якi хоць калi быў на свеце за ўвесь час. Цяпер зацiх i ён i ляцеў нячутна, падстаўляў свой малады твар пад святло, якое струменiла поўня.

Збоч ад усiх ляцеў, паблiскваючы сталлю даспехаў, Азазела. Поўня перамянiла i яго твар. Бясследна знiклi недарэчныя, непрыгожыя iклы, i крывое вока аказалася фальшывым. Вочы ў Азазелы былi аднолькавыя, парожнiя i чорныя, а твар белы i халодны. Цяпер ляцеў сапраўдны Азазела, як дэман бязводнае пустынi, дэман-забойца.

Сябе Маргарыта не магла бачыць, затое яна бачыла, як перамянiўся майстар. Валасы яго ў месячным святле бялелi i заплялiся ў касу, i яна ляцела ў паветры. Калi вецер расхiляў плашч майстра, Маргарыта бачыла на яго батфортах зорачкi шпораў, якiя то патухалi, то загаралiся. Гэтак, як i юнак-дэман, майстар ляцеў i не зводзiў вачэй з поўнi, але ўсмiхаўся ёй, нiбы добрай знаёмай i любiмай, i нешта мармытаў сам сабе, як прывык рабiць у пакоi No 118.

I, нарэшце, Воланд ляцеў таксама ў сваiм сапраўдным аблiччы. Маргарыта не змагла б сказаць, з чаго зроблены павады ў яго каня, i думала, што, магчыма, гэта месячныя ланцужкi i сам конь - толькi глыба цемры, а грыва гэтага каня хмара, а шпоры коннiка - белыя значкi зорак.

Гэтак ляцелi моўчкi доўга, пакуль сама мясцовасць унiзе не пачала мяняцца. Зажураныя лясы патанулi ў зямной цемры i пацягнулi за сабою цьмяныя нажы рэчак. З'явiлiся i пачалi паблiскваць валуны, а мiж iмi зачарнелi прорвы, куды не даставала месячнае святло.

Воланд спынiў свайго каня на камянiстай, сумнай, пляскатай вяршынi, i тады коннiкi рушылi далей ступою, слухалi, як конi трушчаць падковамi каменне i крэмень. Поўня асвятляла пляцоўку ярка i зялёна, i Маргарыта хутка разгледзела ў пустэльнай мясцовасцi крэсла, а на iм белую постаць чалавека. Магчыма, ён быў глухi альбо занадта задумаўся. Ён не чуў, як дрыжала зямля пад цяжарам коней, i коннiкi не патрывожылi яго, калi пад'ехалi.

Поўня добра дапамагала Маргарыце, свяцiла лепей, чым электрычны лiхтарык, Маргарыта бачыла, што чалавек, якi здаваўся сляпым, пацiрае рукi i невiдушчымi вачыма глядзiць на поўню. Цяпер ужо Маргарыта бачыла, што побач з цяжкiм каменным крэслам, на якiм паблiскваюць у месячным святле нейкiя iскаркi, ляжыць вялiзны вастравухi сабака i гэтаксама трывожна, як i гаспадар, глядзiць на поўню. Ля ног у чалавека ляжаць чарапкi, i расцякаецца нявысахлая чорна-чырвоная лужына. Коннiкi спынiлi коней.