Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 226

Михаил Булгаков

- Месiр, паверце, - адазваўся Кароўеў i прытулiў руку да сэрца, - толькi i пажартую, усяго... - Тут ён раптоўна выцягнуўся ўгору, быццам гумавы, з пальцаў правае рукi скруцiў нейкую замыславатую фiгуру, закруцiўся, як вiнт, потым нечакана раскруцiўся i свiснуў.

Гэтага свiсту Маргарыта не пачула, але яна ўгледзела яго ў той час, як яе разам з гарачым канём адкiнула сажняў на дзесяць убок. Побач з ёй з коранем выдрала дуб, а зямля патрэскалася да самае ракi. Вялiзны кавалак берага з прыстанню i рэстарацыяй вынесла ў раку. Вада ў ёй закiпела, гайданулася, i на супрацьлеглы адлогi бераг выкiнула цэлы рачны трамвай разам з пасажырамi. Да ног захропшага Маргарыцiнага каня ўпала забiтая рэгентавым свiстам галка.

Майстра спалохаў гэты свiст. Ён схапiўся за голаў i пабег да кампанii, якая чакала яго.

- Ну што ж, - звярнуўся да яго Воланд з вышынi свайго каня, - усё заплачана згодна з рахункам? Развiталiся?

- Развiтаўся, - адказаў майстар, супакоiўся i паглядзеў у твар Воланду адкрыта i смела.

I тады над гарамi пранёсся страшны трубны Воландаў голас:

- Пара! - i пранiзлiвы свiст, i рогат Бегемота.

Конi рванулiся, коннiкi паднялiся ўгору i паiмчалi. Маргарыта адчувала, як яе шалёны конь грызе i цягне за цуглi. Воландаў плашч разгарнуўся над усёй кавалькадай, гэтым плашчом пачало захiнаць вечаровы небасхiл. Калi на нейкае iмгненне чорны плашч аднесла ўбок, Маргарыта на ляту азiрнулася i ўбачыла, што ззаду няма не толькi рознакаляровых вежаў з аэрапланам над iмi, але няма ўжо i самога горада, якi апусцiўся ў зямлю i пакiнуў пасля сябе адзiн толькi туман.

Раздзел 32

ДАРАВАННЕ I ВЕЧНЫ СПАКОЙ

Божа, мой божа! Якая журботная зямля на змярканнi! Якiя таямнiчыя туманы над балотамi! Хто блукаў у гэтых туманах, хто шмат пакутаваў перад смерцю, хто лятаў над гэтай зямлёй i насiў на сабе непасiльны цяжар, той ведае.I ён без жалю пакiдае зямныя туманы, балацiнкi i рэчкi, знясiлены, ён аддаецца з лёгкiм сэрцам у рукi смерцi, бо ведае, што толькi яна - адна...

Чароўныя чорныя конi i тыя стамiлiся i iмчалi сваiх седакоў павольней, i непазбежная ноч пачала даганяць iх. Калi адчуў яе за плячыма, прыцiх нават неўгамонны Бегемот, учапiўся кiпцюрамi за сядло, ляцеў маўклiвы i сур'ёзны з распушаным хвастом.

Ноч пачала накрываць чорнаю хусткаю лясы i лугi, ноч запальвала цьмяныя агеньчыкi дзесьцi далёка ўнiзе, цяпер ужо не цiкавыя i не патрэбныя нi Маргарыце, нi майстру, чужыя агеньчыкi. Ноч перагнала кавалькаду, церусiлася на яе зверху i сеяла то там то сям у зажураным небе белыя плямы зорачак.

Ноч гусцела i ляцела побач, хапала коннiкаў за плашчы, зрывала iх з плеч i выкрывала падманы. I калi Маргарыта, абвеяная прахалодным ветрам, расплюшчвала вочы, яна бачыла, як мяняюцца аблiччы ўсiх, хто ляцiць побач да сваёй мэты. Калi насустрач iм з-за краю лесу пачала ўставаць барвовая поўня, усе падманы канчаткова знiклi, упалi ў балота, патанула ў балотах i зачараванае прывiднае адзенне.

Наўрад цi можна было цяпер пазнаць Кароўева-Фагота, самазванца-перакладнiка пры таямнiчым кансультанце, якому непатрэбны былi нiякiя пераклады, у тым, хто цяпер ляцеў побач з Воландам праваруч ад майстра. На месцы таго, хто ў абшарпаным цыркавым адзеннi пакiнуў Вераб'ёвы горы пад прозвiшчам Кароўева-Фагота, цяпер iмчаў, цiха пазвоньваючы залатым ланцугом павадоў, цёмна-фiялетавы рыцар з насупленым, вечна няўсмешлiвым тварам. Ён упёрся падбародкам у грудзiну, ён не глядзеў на поўню, яго не цiкавiла зямля, ён думаў толькi пра нешта сваё, летучы побач з Воландам.