Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 225

Михаил Булгаков

У паветры зашумела, i Азазела, у хвасце якога ляцелi майстар i Маргарыта, апусцiўся разам з iмi каля групкi тых, хто чакаў.

- Давялося патурбаваць вас, Маргарыта Мiкалаеўна i майстар, - загаварыў Воланд пасля невялiчкага маўчання, - але вы не будзеце мець да мяне прэтэнзii. Не думаю, каб вы пашкадавалi. Ну што ж, - звярнуўся ён толькi да майстра, развiтвайцеся з горадам. Нам пара, - Воланд паказаў рукою ў чорнай пальчатцы з раструбам туды, дзе бясконцыя сонцы плавiлi шкло за рэчкаю, дзе над гэтымi сонцамi ўставаў туман, дым, пара ад разагрэтага за дзень горада.

Майстар саскочыў з сядла, падбег да абрыву на ўзгорку. Чорны плашч цягнуўся за iм па зямлi. Майстар пачаў глядзець на горад. У першыя iмгненнi да сэрца падступiў шчымлiвы смутак, але вельмi хутка ён змянiўся саладкавай трывогай, вандроўным цыганскiм хваляваннем.

- Назаўсёды! Гэта трэба асэнсаваць, - прашаптаў майстар i аблiзаў сухiя патрэсканыя губы.

Ён пачаў прыслухоўвацца i запамiнаць усё, што адбываецца ў яго душы. Яго хваляванне, як здалося, перайшло ў пачуццё глыбокае кроўнае крыўды. Але яна была нямоцная, знiкла i чамусьцi змянiлася ганарлiвым раўнадушшам, а яно прадчуваннем пастаяннага спакою.

Група коннiкаў моўчкi чакала майстра. Яны назiралi, як чорная высокая постаць на краi абрыву махае рукамi, то падымае галаву, быццам хоча працяць сваiм позiркам увесь горад, зазiрнуць за краi яго, то апускае, нiбы разглядае вытаптаную рэдкую траву пад нагамi.

Перапынiў маўчанне засумавалы Бегемот.

- Дазвольце мне, мэтр, - загаварыў ён, - свiснуць перад дарогаю на развiтанне.

- Ты спалохаеш панi, - сказаў Воланд, - i, акрамя таго, не забудзь, што на сёння ўсе твае выбрыкi скончылiся.

- Ах не, месiр, - адазвалася Маргарыта, якая сядзела на сядле, як амазонка, села зручней i звесiла да зямлi востры шлейф, - дазвольце яму, няхай свiсне. Мяне апаноўвае сум перад дальняй дарогаю. I гэта натуральна, цi не праўда, месiр, нават тады, калi чалавек ведае, што ў канцы гэтае дарогi яго чакае шчасце? Няхай ён пацешыць нас, а то я баюся, што скончыцца слязьмi, i ўсё будзе сапсавана перад дарогай!

Воланд кiўнуў Бегемоту, той вельмi ажывiўся, саскочыў з сядла, уклаў пальцы ў рот, надзьмуў шчокi i свiснуў. У Маргарыты ў вушах зазвiнела. Конь ускiнуўся на дыбкi, у гаi пасыпалiся сухiя галiны, узляцела цэлая чарада вераб'ёў i варон, слуп пылу панесла да ракi, i вiдаць было, як на рачным трамваi, якi праплываў якраз паўз прыстань, у пасажыраў сарвала некалькi шапак у ваду.

Майстар здрыгануўся ад свiсту, але не азiрнуўся, пачаў махаць яшчэ хутчэй рукамi, падымаў iх угору, нiбы пагражаў гораду. Бегемот ганарыста азiрнуўся.

- Свiснута, не спрачаюся, - паблажлiва сказаў Кароўеў, - сапраўды свiснута, але, калi гаварыць аб'ектыўна, свiснута даволi сярэдне!

- Я ж не рэгент, - з гонарам i пакрыўджана адказаў Бегемот i нечакана падмiргнуў Маргарыце.

- А дай я паспрабую па старой звычцы, - сказаў Кароўеў, пацёр рукi, падзьмухаў на пальцы.

- Ты глядзi мне толькi, - пачуўся суровы Воландаў голас з каня, - толькi каб без калецтва!..