Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 224
Михаил Булгаков
- Навальнiца шумiць...
- Не, гэта мяне клiчуць, мне пара, - растлумачыў майстар i ўстаў з пасцелi.
- Пачакайце! Яшчэ адно слова, - папрасiў Iван, - а вы яе знайшлi? Яна не здрадзiла вам?
- Вось яна, - адказаў майстар i паказаў на сцяну.
Ад белае сцяны ступiла цёмная Маргарыта i падышла да ложка. Яна доўга глядзела на юнака, i ў вачах у яе была скруха.
- Бедны, бедны, - нячутна прашаптала Маргарыта i нахiлiлася да пасцелi.
- Якая прыгожая, - без зайздрасцi, але з сумам i нейкiм замiлаваннем прамовiў Iван, - бачыш, як у вас усё добра атрымалася. А вось у мяне не гэтак. - Тут ён падумаў i задумлiва дадаў: - Хаця, магчыма, i гэтак...
- Гэтак, гэтак, - прашаптала Маргарыта i зусiм нахiлiлася, - вось я вас пацалую ў лоб, i ўсё ў вас будзе як належыць... вы мне паверце, я ўсё бачыла, я ведаю.
Юнак абхапiў яе за шыю, i яна пацалавала яго.
- Бывай, вучань, - ледзь чутна прамовiў майстар i пачаў раставаць у паветры. Ён знiк, з iм разам знiкла i Маргарыта, зачынiлiся за iмi краты на балконе.
Iванка захваляваўся. Ён сеў на ложку, трывожна азiрнуўся, нават застагнаў, загаварыў сам з сабою, устаў. Навальнiца бушавала мацней i мацней i, мабыць, растрывожыла яго душу. Хвалявала яго таксама i тое, што за дзвярыма ён сваiм прывыклым да цiшынi слыхам улавiў паспешныя крокi, глухiя галасы за дзвярыма. Ён клiкаў, нерваваўся, уздрыгваў:
- Праскоўя Фёдараўна!
Праскоўя Фёдараўна ўжо заходзiла ў пакой, запытальна i трывожна глядзела на Iванку.
- Што? Што такое? - пыталася яна. - Навальнiца хвалюе? Ну, нiчога, нiчога... Зараз дапаможам. Зараз я доктара паклiчу.
- Не, Праскоўя Фёдараўна, не патрэбна доктара клiкаць, - сказаў Iванка i неспакойна глядзеў не на Праскоўю Фёдараўну, а на сцяну, - са мной нiчога такога. Я разбiраюся цяпер, вы не бойцеся. Вы мне лепш скажыце, - задушэўна спытаўся Iван, - а што там зараз побач у сто васемнаццатым пакоi здарылася?
- У васемнаццатым? - перапыталася Праскоўя Фёдараўна, i вочы ў яе забегалi. - Ды нiчога там не здарылася. - Але голас быў фальшывы, Iванка адразу змiкiцiў i сказаў:
- Эх, Праскоўя Фёдараўна! Вы такi чалавек праўдзiвы... Вы думаеце, я бушаваць пачну? Не, Праскоўя Фёдараўна, не будзе гэтага. Вы лепш шчыра скажыце. Я скрозь сцяну адчуваю.
- Сканаў ваш сусед, - прашаптала Праскоўя Фёдараўна, не могучы пераадолець сваю праўдзiвасць i дабрату, i спалохана зiрнула на Iванку, асветленая святлом маланкi. Але з Iванкам нiчога страшнага не здарылася. Ён шматзначна падняў палец i сказаў:
- Я гэтак i ведаў! Я запэўнiваю вас, Праскоўя Фёдараўна, што ў горадзе зараз сканаў яшчэ адзiн чалавек. Я нават ведаю хто, - тут Iванка таямнiча ўсмiхнуўся, - гэта жанчына.
Раздзел 31
НА ВЕРАБ'ЁВЫХ ГАРАХ
Навальнiцу бясследна прагнала, быццам арка, стаяла перакiнутая над усёй Масквой вясёлка, пiла ваду з Масквы-ракi. У вышынi, на ўзгорку, мiж двума гаямi вiдаць былi тры цёмныя постацi. Воланд, Кароўеў i Бегемот сядзелi на чорных конях у сёдлах, глядзелi на распрасцёрты за ракою горад у сонечных шкляных водсветах у тысячах вокнаў, звернутых на захад, на пранiкавыя вежы Дзявочага манастыра.