Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 220
Михаил Булгаков
- Ну вось, ну вось, ты ранейшы, ты смяешся, - адказала Маргарыта, - i ну цябе к чорту з тваiмi вучонымi слоўкамi. Незямная цi зямная - мне ўсё роўна! Я хачу есцi.
I яна павалакла майстра за рукаў да стала.
- Я не ўпэўнены, што гэтая ежа не правалiцца зараз скрозь зямлю альбо не вылецiць праз акно, - гаварыў той зусiм спакойна.
- Яна паляцiць!
I ў гэты час у акенцы пачуўся гугнявы голас:
- Мiр вам.
Майстар здрыгануўся, а прывычная ўжо да незвычайных прыгод Маргарыта ўскрыкнула:
- А, гэта ты, Азазела! Ай, як добра, як хораша! - i шапнула майстру: Вось бачыш, нас не пакiнулi! - i кiнулася адмыкаць дзверы.
- Ты хоць захiнiся, - крыкнуў ёй услед майстар.
- Напляваць мне на гэта, - адказала Маргарыта ўжо з калiдорчыка.
I вось ужо Азазела пакланiўся, павiтаўся з майстрам, блiскаў на яго сваiм крывым вокам, а Маргарыта ўсклiквала:
- Ах, як я рада! Я нiколi гэтак не радавалася ў жыццi? Выбачайце, Азазела, што я голая!
Азазела прасiў не турбавацца, запэўнiў, што ён пабачыў не толькi голых жанчын, але нават жанчын з аблупленаю скураю, ахвотна прысеў да стала, паставiў у куце ля печкi нейкi скрутак у цёмнай парчы.
Маргарыта паслужлiва налiла Азазелу каньяку, i той ахвотна выпiў яго. Майстар не спускаў з Азазелы вачэй, зрэдку пад сталом шчыпаў сябе за левую руку. Але гэта не дапамагала. Азазела не раствараўся ў паветры, ды ў гэтым, па праўдзе гаворачы, не было i неабходнасцi. Нiчога страшнага ў рыжаватым, невялiкага росту чалавечку не было, хiба што вока з бяльмом, але гэта бывае i без усякiх чараў, ды адзенне не зусiм прывычнае - нейкая раса альбо плашч, але калi задумацца, то i такое адзенне можна ўбачыць. Каньяк ён таксама пiў спраўна, як i ўсе нармальныя людзi, поўнымi чаркамi, i не закусваў. Ад гэтага самага каньяку ў майстра зашумела ў галаве, i ён пачаў думаць.
"Не, праўда Маргарыцiна! Вядома, перада мной пасланец д'ябла. Ды я ж сам не пазней як учора ноччу даказваў Iвану, што той сустрэў на Патрыярхавых менавiта сатану, а цяпер чамусьцi спалохаўся i пачаў мармытаць, плесцi штосьцi пра гiпнатызёраў i пра галюцынацыi. Якiя тут к чорту гiпнатызёры!"
Ён пачаў прыглядацца да Азазелы i пераканаўся, што ў вачах у таго ёсць нейкi клопат, нейкая думка, пра якую ён пакуль што маўчыць. "Ён не проста ў госцi, ён з'явiўся з нейкiм даручэннем", - думаў майстар.
Назiральнасць не падманула яго.
Пасля таго як выпiў трэцюю шклянку каньяку, якi на Азазелу зусiм не дзейнiчаў, госць загаварыў:
- Даволi ўтульны падвальчык, чорт пабяры! Адно толькi пытанне ўзнiкае, што ў iм рабiць, у гэтым падвальчыку?
- Пра гэта i я гавару, - засмяяўшыся, адказаў майстар.
- Навошта вы мяне трывожыце, Азазела? - спыталася Маргарыта. - Як-небудзь!
- Што вы, што вы! - усклiкнуў Азазела. - Я i не думаў вас трывожыць. Я i сам ведаю - як-небудзь. Ага! Ледзь не забыўся... Месiр прывiтанне вам перадаваў i таксама загадаў перадаць, што запрашае вас на невялiкую прагулянку, калi, вядома, вы захочаце. Дык што вы скажаце?
Маргарыта пад сталом штурхнула майстра.