Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 221
Михаил Булгаков
- З вялiкiм задавальненнем, - адказаў майстар, разглядаючы Азазелу, а той працягваў:
- Мы спадзяёмся, што i Маргарыта Мiкалаеўна не адмовiцца ад гэтага?
- Я не адмоўлюся, - сказала Маргарыта, i зноў яе нага праехала па майстравай назе.
- Цудоўная рэч! - усклiкнуў Азазела. - Вось гэта я люблю! Раз-два - i гатова! Не тое што тады ў Аляксандраўскiм садзе.
- Не ўспамiнайце пра гэта, Азазела! Я тады была дурная. Ды мяне не трэба надта i вiнавацiць - не кожны ж дзень сустракаешся з нячыстаю сiлаю!
- Вядома, - пацвердзiў Азазела, - каб кожны дзень, гэта было б прыемна!
- Мне i самой падабаецца хуткасць i аголенасць, - гаварыла Маргарыта, хуткасць i аголенасць... Як з маўзера - раз! Ах, як ён страляе! - ускрыкнула Маргарыта, звяртаючыся да майстра. - Сямёрка пад падушкай, i ў любое ачко! Маргарыта пачала п'янець, i вочы ў яе разгарэлiся.
- Я зноў забыўся, - крыкнуў Азазела i ляпнуў сябе па лбе, - зусiм закруцiўся! Месiр прыслаў вам падарунак, - тут ён звярнуўся да майстра, бутэльку вiна. Прашу заўважыць, што гэта тое самае вiно, якое пiў пракуратар Юдэi. Фалернскае вiно.
Вядома, гэта выклiкала вялiкую цiкаўнасць у майстра i ў Маргарыты. Азазела дастаў з чорнае пахавальнае парчы зусiм ззелянелы збан. Вiно нюхалi, налiлi ў шклянкi, глядзелi скрозь яго на святло ў акне, якое знiкала перад навальнiцаю. Бачылi, як усё фарбуецца ў крывавы колер.
- За здароўе Воланда! - усклiкнула Маргарыта i падняла сваю шклянку.
Усе ўтраiх выпiлi са шклянак па вялiкiм глытку. Адразу пераднавальнiчнае святло пачало патухаць у вачах майстра, перахапiла дыханне, ён адчуў, што прыходзiць канчына. Ён бачыў яшчэ, як смяротна пабялелая Маргарыта працягвае да яго рукi, падае галавой на стол, а потым спаўзае на падлогу.
- Забойца... - успеў яшчэ крыкнуць майстар.
Ён схапiў нож са стала, каб ударыць Азазелу, але рука бездапаможна слiзганула па настольнiку, усё ў падвале пафарбавалася ў чорны колер, а потым i зусiм знiкла. Ён упаў дагары i, падаючы, рассек скуру на скронi аб рог бюро.
Калi атручаныя зацiхлi, Азазела пачаў дзейнiчаць. Найперш ён кiнуўся ў акно, i праз некалькi iмгненняў быў у асабняку, у якiм жыла Маргарыта Мiкалаеўна. Заўсёды пунктуальны i акуратны, Азазела хацеў праверыць, цi ўсё выканана як належыць. Усё аказалася ў поўным парадку. Азазела бачыў, як сумная жанчына, якая чакала свайго мужа, выйшла са свае спальнi, раптоўна пабялела, схапiлася за сэрца, крыкнула бездапаможна:
- Наташа! Хто-небудзь... да мяне, - упала на падлогу ў гасцёўнi, не дайшоўшы да кабiнета.
- Усё ў парадку, - сказаў Азазела.
Праз iмгненне ён быў ля мёртвых закаханых. Маргарыта ляжала, уткнуўшыся тварам у дыванчык. Сваiмi жалезнымi рукамi Азазела перавярнуў яе, як ляльку, тварам да сябе i прыгледзеўся да яе. На яго вачах твар у атручанай мяняўся. Нават у прыцемках, якiя насунулiся, было вiдаць, як знiкала часовая касавокасць, жорсткасць, грубаватасць твару. Твар нябожчыцы пасвятлеў, нарэшце памякчэў, аскал перастаў быць драпежным, а зрабiўся проста жаночым пакутлiвым аскалам. Тады Азазела разняў яе белыя зубы i ўлiў у рот некалькi кропель таго самага вiна, якiм i атруцiў. Маргарыта ўздыхнула, пачала ўставаць без дапамогi Азазелы, села i слаба спыталася: