Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 219
Михаил Булгаков
- Алаiзiй, ты дома? - спытаўся голас наверсе, недзе над штанамi, над акном.
- Ну, пачынаецца, - сказаў майстар.
- Алаiзiй? - спыталася Маргарыта i падышла блiжэй да акна. - Яго арыштавалi ўчора. А хто пра яго пытаецца? Як ваша прозвiшча?
У адно iмгненне зад i штаны знiклi, i чуваць было, як грукнулi варотцы, пасля ўсё стала па-ранейшаму. Маргарыта ўпала на канапу i зарагатала гэтак, што слёзы выступiлi на вачах. Пасля таго як супакоiлася, твар у яе моцна змянiўся, яна загаварыла сур'ёзна i, гаворачы, з'ехала з канапы долу, падпаўзла да каленяў майстра, глядзела яму ў вочы, гладзiла па галаве.
- Як ты пакутаваў, бедны, як ты пакутаваў, бедны ты мой! Пра гэта ведаю толькi я адна. Паглядзi, у цябе белыя валасы i вечная складка ля губ! Мой адзiны, мой мiлы, не думай нi пра што! Табе занадта многа давялося думаць, i цяпер за цябе буду думаць я. I я ручаюся, ручаюся, што ўсё будзе толькi добра!
- Я нiчога не баюся, Марго, - раптам адказаў ёй майстар, падняў галаву, i яна ўбачыла яго такiм, якiм ён быў тады, калi пiсаў пра тое, чаго нiколi не бачыў, але пра што дакладна ведаў, што гэтак было, - я не баюся, таму што я ўжо ўсё перажыў. Мяне многа палохалi, i ўжо няма чым спалохаць. Але мне шкада цябе, Марго, вось у чым фокус, вось чаму я i паўтараю адно i тое. Апамятайся! Нашто табе калечыць сваё жыццё, звязвацца з хворым i жабраком? Вяртайся дадому! Шкадую цябе, таму гэтак i гавару.
- Эх ты, ты, - Маргарыта кiвала растрапанаю галавою, - эх ты, малаверны няшчасны чалавек. Я з-за цябе ўчора ўсю ноч трэслася голая, я страцiла сваю прыроду, памяняла яе на новую, некалькi месяцаў я сядзела ў цёмнай каморцы i думала толькi пра адно - пра навальнiцу над Ершалаiмам, я выплакала свае вочы, а цяпер, калi звалiлася на голаў шчасце, ты мяне праганяеш? Ну што ж, я пайду, пайду, але ведай, што ты жорсткi чалавек! Яны спустошылi тваю душу!
Горкая пяшчота захлiснула майстрава сэрца, i, невядома чаму, ён заплакаў, уткнуўшыся тварам у Маргарыцiны валасы.
А яна плакала, шаптала, цалавала яго, i пальцы яе трымцелi на скронях майстра.
- Ах павуцiна, павуцiна, на вачах у мяне сiвее твая галава... ах мая, мая шматпакутная галава! Паглядзi, якiя ў цябе вочы! Пустыня ў iх... А плечы, плечы прыгнутыя цяжарам... Скалечылi, скалечылi... - Маргарыта ўсё болей i болей блыталася ў гаворцы, скаланалася ад плачу.
Тады майстар выцер вочы, падняў з каленяў Маргарыту, устаў сам i сказаў цвёрда:
- Хопiць! Ты прысарамацiла мяне. Я больш нiколi не збаюся i не буду гаварыць пра гэта, супакойся. Я ведаю, што мы абое ахвяры свае душэўнае хваробы, якую я, магчыма, перадаў i табе... Што ж, мы разам i будзем трываць яе.
Маргарыта прытулiлася да вуха майстра губамi i зашаптала:
- Клянуся табе сваiм жыццём, клянуся ўгаданым табой сынам астролага - усё будзе добра.
- Ну, хопiць, хопiць, - адазваўся майстар, засмяяўся i дадаў: - Вядома, калi людзi абрабаваныя ўшчэнт, яны шукаюць ратунку ў незямной сiле! Што ж, згодны шукаць i там.