Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 218
Михаил Булгаков
Пакой таксама выглядаў дзiўна, разабрацца ў гэтым хаосе было цяжка. На дыване ляжалi рукапiсы, яны былi i на канапе. Валялася нейкая кнiга на крэсле. На круглым столiку стаяў абед, памiж закуссю некалькi бутэлек. Адкуль узялiся гэтыя стравы i пiтво, было невядома i Маргарыце, i майстру. Калi яны прачнулiся, усё гэта было ўжо на стале.
Пасля таго як праспалi да суботняга надвячорка, i майстар, i яго сяброўка адчувалi сябе добра, i толькi адно нагадвала пра ўчарашнюю прыгоду - у абодвух балелi скронi. З псiхiкай у абодвух адбылiся вялiкiя перамены, у гэтым бы пераканаўся кожны, паслухаўшы размову ў падвальнай кватэры.
Але падслухоўваць не было каму. Дворык таму i быў добры, што заўсёды пуставаў. З кожным днём лiпы, якiя гусцелi зелянiнай, i вярба за акном па-вясноваму пахлi, i ветрык заносiў гэты пах у падвал.
- Фу ты чорт! - нечакана ўсклiкнуў майстар. - Падумаць толькi... - ён патушыў недакурак у попельнiцы i сцiснуў галаву аберуч. - Не, паслухай, ты разумны чалавек, i вар'яткаю не была... Ты сапраўды верыш, што мы ўчора былi ў сатаны?
- Веру, - адказала Маргарыта.
- Вядома, вядома, - iранiчна сказаў майстар, - цяпер, выходзiць, замест аднаго вар'ята аж два! I муж i жонка. - Ён падняў рукi ўгору i закрычаў: - Не, гэта чортведама што, чорт, чорт, чорт!
Замест адказу Маргарыта ўпала на канапу, ад смеху аж задрыгала нагамi, потым ускрыкнула:
- Ой, не магу! Ой, не магу! Ты глянь толькi, на каго ты падобны!
Яна насмяялася, пакуль майстар сарамлiва падцягваў бальнiчныя кальсоны, i сказала сур'ёзна:
- Ты зараз мiжволi сказаў праўду. Чорт ведае што гэта, i чорт, павер мне, усiм распарадзiцца! - Вочы яе раптоўна загарэлiся, яна падхапiлася, затанцавала на месцы i пачала ўскрыкваць: - Якая я шчаслiвая, якая я шчаслiвая, што згаварылася з iм! О д'ябал, д'ябал!.. Давядзецца вам, мой мiлы, жыць з ведзьмаю! - пасля гэтага яна кiнулася да майстра, абхапiла яго за шыю i пачала цалаваць у губы, у нос, у шчокi. Вiхры нерасчасаных валасоў кудлацiлiся на майстры, i лоб i шчокi ў яго загарэлiся ад пацалункаў.
- Ты i сапраўды стала падобная на ведзьму.
- Я не адмаўляюся, - сказала Маргарыта, - я ведзьма i вельмi гэтым задаволена.
- Ну, добра, - сказаў майстар, - няхай ведзьма. Вельмi добра! Мяне, выходзiць, укралi з лякарнi... Таксама цудоўна! Вярнулi сюды, дапусцiм i гэта... Ну, няхай нас i не пачнуць шукаць... Але скажы ты мне, на мiласць богу, за што мы будзем жыць? Калi я гавару пра гэта, я клапачуся толькi пра цябе, павер мне!
У гэты момант у акенцы паказалiся тупаносыя чаравiкi i нiжняя частка штаноў у палосачку. Затым гэтыя штаны сагнулiся ў каленях, i святло дня загарадзiў нечы тоўсты зад.