Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 222

Михаил Булгаков

- За што, Азазела, за што? Што вы зрабiлi са мной?

Яна ўбачыла ляжачага майстра, здрыганулася i прашаптала:

- Гэтага я не чакала... забойца!

- Ды не ж, не, - адказаў Азазела, - зараз i ён устане. Ах, чаму вы ўсе гэтакiя нервовыя!

Маргарыта паверыла яму адразу, гэтакi пераканаўчы быў голас у рыжага дэмана. Яна ўсхапiлася, дужая i жывая, i памагла напаiць ляжачага вiном. Той расплюшчыў вочы, цяжка зiрнуў i з нянавiсцю паўтарыў сваё апошняе слова:

- Забойца...

- Ах! Знявага звычайна з'яўляецца ўзнагародай за добрую работу, - адказаў Азазела. - Няўжо вы сляпы? Ну разгледзьцеся хоць зараз!

Тут майстар устаў, зiрнуў навокал жывым i светлым позiркам i спытаўся:

- Што абазначае ўсё гэта?

- Яно абазначае, - адказаў Азазела, - што нам пара. Ужо гром грымiць, вы чуеце? Цямнее. Конi б'юць капытамi, дрыжыць увесь маленькi сад. Развiтвайцеся з падвалам, развiтвайцеся хутчэй.

- А, разумею, - сказаў майстар i азiрнуўся, - вы нас забiлi, мы мёртвыя. Ах, як гэта разумна! Як гэта ў час! Цяпер я зразумеў вас!

- Ах, злiтуйцеся, - адказаў Азазела, - цi гэта вас я чую? Ваша сяброўка называе вас майстрам, вы думаеце, дык як жа вы можаце быць мёртвым? Хiба для таго, каб лiчыць сябе жывым, трэба абавязкова сядзець у падвале ў адной толькi кашулi i бальнiчным споднiм? Гэта смешна!

- Я зразумеў усё, што вы гаварылi, - ускрыкнуў майстар, - не працягвайце! Ваша праўда тысячу разоў!

- Вялiкi Воланд, - пачала дапамагаць яму Маргарыта, - вялiкi Воланд! Ён прыдумаў усё намнога лепш, чым я. Але толькi раман, раман, - крычала яна майстру, - раман забяры з сабой, куды б ты толькi не ляцеў!

- Не трэба, - адказаў майстар, - я ведаю яго на памяць.

- А ты нi слова, нiводнага слова з яго не забудзеш? - пыталася Маргарыта, прыцiскалася да каханка i выцiрала яму кроў са скронi.

- Не хвалюйся! Я цяпер нiчога i нiколi не забуду, - адказаў майстар.

- Тады агонь, - крыкнуў Азазела. - Агонь, з якога ўсё пачалося, i якiм мы ўсё канчаем.

- Агонь! - страшна крыкнула Маргарыта.

Акенца ў падвале грукнула, ветрам адагнала ўбок штору. У небе весела i коратка грымнула. Азазела ўсунуў кiпцюрыстую руку ў печку, дастаў куродымную галавешку i падпалiў настольнiк на стале. Потым стос старых газет, а затым рукапiс i фiранку на акне.

- Гары, гары, ранейшае жыццё!

- Гарыце, пакуты! - крычала Маргарыта.

Пакой ужо пакалыхваўся барвовымi слупамi, i разам з дымам вылецелi з дзвярэй трое, узбеглi па мураванай лесвiцы наверх i апынулiся ў дворыку. Першае, што яны ўбачылi, гэта забудоўшчыкаву кухарку, якая сядзела на зямлi; побач была рассыпана бульба i некалькi пучкоў цыбулi. Кухарку можна было зразумець. Трое чорных коней храплi ля хлеўчука, дрыжалi i капытамi ўзбiвалi зямлю фантанамi. Маргарыта ўскочыла першая, за ёй Азазела, апошнiм майстар. Кухарка застагнала, хацела падняць руку, каб перахрысцiцца, але Азазела грозна крыкнуў з сядла:

- Адрэжу руку! - Ён свiснуў, i конi, ломячы галiны лiпы, урэзалiся ў чорную хмару. Адразу з акенца ў падвале павалiў дым. Унiзе пачуўся слабы няшчасны кухарчын крык: