Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 217
Михаил Булгаков
- Я накiраваўся, - расказваў Бегемот, - у зал паседжанняў, гэта той, што з калонамi, месiр, спадзяваўся выцягнуць што-небудзь каштоўнае. Ах, месiр, мая жонка, калi б яна толькi была ў мяне, яна дваццаць разоў рызыкавала б застацца ўдавою! Але, на шчасце, я нежанаты, i скажу вам шчыра - шчаслiвы, што не жанаты. Ах, месiр, хiба можна прамяняць халасцяцкую волю на цяжкае ярмо!
- Зноў глупства мелеш, - сказаў Воланд.
- Слухаюся i працягваю, - адказаў той, - ага, вось ландшафцiк. Болей нiчога нельга было ўзяць, полымя шуганула мне ў твар. Я пабег у каморку, выратаваў сёмгу. Пабег на кухню, выратаваў халат. Я лiчу, месiр, што зрабiў усё, што толькi мог, i не разумею, чаму ў вас гэтакi скептычны твар.
- А што рабiў Кароўеў у гэты час, калi ты марадзёрнiчаў? - спытаў Воланд.
- Я дапамагаў пажарнiкам, месiр, - адказаў Кароўеў i паказаў на парваныя штаны.
- Ну, калi гэтак, то давядзецца будаваць новы будынак.
- Ён будзе пабудаваны, месiр, - адазваўся Кароўеў, - запэўнiваю вас.
- Што ж, застаецца толькi пажадаць, каб ён быў лепшы, чым стары, заўважыў Воланд.
- Гэтак яно i будзе, месiр, - сказаў Кароўеў.
- Вы мне паверце, - дадаў кот, - я сама сапраўдны прарок.
- Нарэшце мы вярнулiся, месiр, - дакладваў Кароўеў, - i чакаем вашых загадаў...
Воланд устаў са свае табурэткi, падышоў да балюстрады i доўга маўчаў, адзiн, завярнуўшыся плячыма да свае свiты, глядзеў удалячынь. Потым адышоў ад краю, зноў сеў на табурэтку i сказаў:
- Загадаў нiякiх не будзе - вы выканалi ўсё, што змаглi, i больш пакуль што мне вашы паслугi не патрэбны. Можаце адпачываць. Зараз прыйдзе навальнiца, апошняя навальнiца, яна скончыць усё, што трэба скончыць, i мы рушым у дарогу.
- Вельмi добра, месiр, - адказалi абодва гаеры i знiклi дзесьцi за круглаю цэнтральнаю вежаю, якая размяшчалася пасярод тэрасы.
Навальнiца, пра якую гаварыў Воланд, ужо збiралася над небакраем. Чорная хмара ўстала на захадзе i да палавiны адрэзала сонца. Потым яна накрыла яго цалкам. На тэрасе пасвяжэла. Яшчэ праз нейкi час зрабiлася цёмна.
Гэтая цемра, якая насунулася з захаду, накрыла вялiзны горад. Знiклi масты, палацы. Усё знiкла, быццам гэтага нiколi i не было на свеце. Па ўсiм небе прабегла вогненная нiтка. Потым горад скалануўся ад удару. Удар паўтарыўся, i пачалася навальнiца. Воланда не стала бачна ў iмжы.
Раздзел 30
ПАРА! ПАРА!
- Ты ведаеш, - гаварыла Маргарыта, - якраз калi ты заснуў учора ноччу, я чытала пра цемру, якая прыйшла з Мiжземнага мора... i гэтыя iдалы, ах, залатыя iдалы! Яны чамусьцi мне ўвесь час не даюць спакою. Мне здаецца, што i зараз лье дождж. Ты адчуваеш, як пасвяжэла?
- Усё гэта добра i мiла, - адказаў майстар, ён палiў i разганяў рукою дым, - i гэтыя iдалы, бог з iмi... але што далей будзе, зусiм не зразумела!
Гаворка гэтая адбывалася перад заходам сонца, якраз тады, калi да Воланда на тэрасу з'явiўся Левiй Мацей. Акенца ў падвале было адчынена, i калi б хто-небудзь зазiрнуў у яго, ён здзiвiўся б з таго, як выглядаюць субяседнiкi. На Маргарыце проста на голае цела быў накiнуты чорны плашч, а майстар быў у бальнiчнай бялiзне. Было гэта таму, что Маргарыце зусiм не было чаго адзець, бо ўсе яе рэчы засталiся ў асабняку, i хаця гэты асабняк быў непадалёку, вядома, нечага было i думаць, каб пайсцi туды i забраць рэчы. А майстар, усе гарнiтуры якога знайшлiся ў шафе, нiбы ён нiкуды i не выязджаў, проста не хацеў адзявацца, гаварыў Маргарыце, што вось-вось пачнецца тварыцца нейкае несусветнае глупства. Праўда, ён быў упершыню паголены, калi лiчыць ад тае асенняе ночы (у клiнiцы яму бародку падстрыглi машынкаю).