Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 57
Жорж Сименон
Мэгрэ не варушыўся, бо пры кожным руху пад палiто цякла вада.
Прыцiснуўшы вуха да зямлi, ён чуў розныя гукi, пазнаваў iх адзiн за адным. Так ён пазнаў шум помпы ў Жарысавым садзе.
Значыць, Жулi ўстала. Надзела сабо i пайшла пампаваць ваду, каб памыцца. Але ўсё роўна дзяўчына нiкуды не пойдзе з дому.
Крокi... Нейкi чалавек перайшоў мост i ступiў на мураваны пiрс... Iшоў ён павольна... Кiнуў нешта ў лодку, мусiць, звязку вяровак...
Рыбак?.. Мэгрэ з цяжкасцю павярнуў галаву i ўбачыў яго метраў за дваццаць ад сябе. Чалавек збiраўся спусцiцца па жалезнай лесвiцы, што вяла ў мора. Нягледзячы на кляп, камiсару ўдалося цiха прастагнаць.
Рыбак азiрнуўся, убачыў чорную груду, доўга i недаверлiва пазiраў на яе, нарэшце рашыўся падысцi.
- Што вы тут робiце?
Ён, вiдавочна, чуў пра меры засцярогi, неабходныя пры выяўленнi злачынства, бо памяркоўна сказаў:
- Мусiць, трэба спачатку пашукаць палiцыю.
Але кляп усё ж такi выняў. Камiсар пачаў тлумачыць, што з iм здарылася, i рыбак не надта ўпэўнена стаў развязваць вяроўкi, лаючы таго, хто завязаў такiя мудрагелiстыя вузлы.
У шынку служанка расчынiла аканiцы. Мора па-ранейшаму было неспакойнае, хоць вецер i сцiх. Але яно ўжо не шумела так раз'юшана, як ноччу. Хвалi з адкрытага мора дасягалi на пясчаных водмелях трох метраў вышынi i разбiвалiся з глухiм грукатам - стваралася ўражанне, што трасецца зямля.
Рыбак, невысокi, зарослы барадою стары, усё яшчэ глядзеў на Мэгрэ з недаверам, не ведаючы, што рабiць.
- Трэба было б усё ж паведамiць пра вас у палiцыю.
- Ды кажу ж вам, што я сам палiцыя - толькi ў цывiльным!
- Жандар у цывiльным? - перапытаў стары.
Яго позiрк слiзнуў па паверхнi мора, прабег па лiнii гарызонта i спынiўся раптам на нейкай кропцы справа ад пiрса, у кiрунку Гаўра. Праз якую хвiлiнку стары перавёў спалоханыя вочы на Мэгрэ.
- Ну, што там такое?
Рыбак быў такi ўсхваляваны, што не адказваў. Камiсар усё зразумеў, як толькi глянуў на небакрай.
Вiстрэамская бухта абязводнела. На адлегласцi больш чым мiлi скрозь вiднеўся пясок, колеру спелага жыта, i толькi недзе ўдалечынi бушавалi яшчэ белыя ад шуму хвалi.
Справа ад пiрса, прыкладна з кiламетр, сядзела на мелi нейкае судна. Адна яго палова ляжала на пяску, другая заставалася ў вадзе. Хвалi з сiлаю разбiвалiся аб яго корпус.
Дзве мачты, адна з якiх - квадратная. Шхуна з Пэнполя. Вiдаць, "Сэн-Мiшэль".
У тым баку ўсё было мярцвяна-бледнага колеру: мора i неба злiвалiся.
У гэтай шэранi вылучалася чорнаю кропкаю судна, якое села на мель.
- Надта позна выйшлi ў мора пасля прылiву, - заўважыў уражаны вiдовiшчам рыбак.
- Такое часта бывае?
- Здараецца! Вада ў праходзе стаяла нiзка. Вось iх i выкiнула цячэннем ракi на водмелi "Чорных кароў"...
Наўкол - панурая цiшыня. У iмжыстым дажджы паветра здавалася ватным. Гледзячы на судна, якое выступала з вады, цяжка было ўявiць, што яго экiпажу пагражала якаясьцi небяспека.
Але калi яно села на мель, мора яшчэ даставала да дзюнаў. Не менш дзесяцi радоў раз'юшаных хваляў!