Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 56

Жорж Сименон

Мэгрэ i паварухнуцца не мог. Ляжаў у лужыне, на краi бясконцага прасцягу...

Напэўна, яны разап'юць цяпер там, на шхуне, бутэльку джыну - для настрою. Хто-небудзь падкiне ў печ пару брыкецiн.

Адзiн стаiць каля руля... Астатнiя ляжаць у сырых. ложках.

Чамусьцi здавалася, што сярод кропляў, якiя сцякалi па твары, адна была саланейшая за iншыя.

Вялiкi i дужы чалавек, бадай, сама мужны ва ўсёй крымiнанальнай палiцыi Францыi, ляжаў каля кнехта, на краi пiрса - i разумеў, што знайсцi яго змогуць, вiдаць, толькi ранiцай.

Калi б ён мог павярнуцца, дык убачыў бы маленькi драўляны будыначак "Марацкага прытулку", у якiм нiкога ўжо не было.

ХI. ВОДМЕЛЬ "ЧОРНЫЯ КАРОВЫ"

Мора хутка адступала. Мэгрэ чуў, як бiлiся хвалi - спачатку ў канцы пiрсаў, потым далей, на пясчаным беразе, з якога сплывала вада.

Як заўсёды, з адлiвам ацiхаў i вецер. Стрэлы дажджу радзелi, i калi на досвiтку пачалi святлець сама нiзкiя хмары, начны лiвень ператварыўся ў iмжысты дождж, яшчэ больш халодны.

Пакрысе з цемры выступала ўсё, што патанула ў ёй ноччу. Угадвалiся касыя мачты рыбацкiх лодак, што ляжалi цяпер, у адлiў, на прыбярэжнай цiне.

Дзесьцi вельмi далёка ад берага мыкалi каровы. Царкоўны звон нягучнымi ўдарамi сцiпла заклiкаў да ютранi - значыць, было ўжо сем гадзiн.

Але трэба было яшчэ чакаць: дарога ў царкву праходзiла не цераз порт. Шлюзаўшчыкам да пачатку прылiву няма чаго тут рабiць. Хiба што мог завiтаць выпадкова якi-небудзь рыбак... Ды толькi наўрад цi нават i рыбакi вылазяць з ложка ў такое надвор'е...

Цяпер, думаў Мэгрэ, ён, мусiць, падобны на мокрую груду ануч... Камiсар уяўляў сабе ўсе ложкi Вiстрэама, самавiтыя драўляныя ложкi з вялiзнымi пухавiкамi, у якiх пад цёплымi коўдрамi лянiва песцяцца жыхары гарадка, непрыязна паглядаючы на бледны прамавугольнiк акна. I, бадай што, кожны з вiстрэамцаў усё адцягвае i адцягвае той момант, калi прыйдзецца ўсё ж нарэшце ступiць на халодную падлогу босымi нагамi.

Цiкава, цi спiць яшчэ Люка? Можа быць, яго таксама звязалi?.. Iнакш як растлумачыць тое, што ўначы на борце "Сэн-Мiшэля" з'явiўся нейкi iншы чалавек - напэўна, Марцiно?.. Або... мэр?!. Цi ёсць яшчэ якi-небудзь удзельнiк гэтай заблытанай гiсторыi?..

Пакуль што камiсар абмалёўваў сабе сiтуацыю так: Жану Марцiно ўдалося нейкiм чынам вызвалiцца з-пад нагляду iнспектара. Пасля Марцiно падышоў да "Сэн-Мiшэля" i пачуў яго, Мэгрэ, голас. Цярплiва чакаў, калi хто-небудзь выйдзе на палубу. А калi Вялiкi Луi высунуў галаву з люка, нарвежац даў яму знак - можа, шапнуў, можа, перадаў цыдулку - як паводзiць сябе далей.

Зрабiць астатняе было няцяжка. Шум на палубе. Пасылаюць наверх Сэлестэна. Той перагаворваецца з Марцiно. А пачуўшы галасы, нельга было не выбрацца з кубрыка.

I як толькi ён высунуўся з люка, двое наверсе заткнулi яму рот, а Ланэк i Луi звязалi рукi i ногi.

Цяпер шхуна, пэўна, далёка ад зоны тэрытарыяльных водаў, якую аддзяляюць ад берага толькi тры мiлi. Калi толькi яны не зойдуць у якiсьцi французскi порт, што малаверагодна, затрымаць iх будзе ўжо немагчыма.