Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 58
Жорж Сименон
- Трэба папярэдзiць начальнiка порта...
Дробная дэталь: рыбак машынальна павярнуўся да Жарысавага дома, пасля паволi вымавiў:
- Праўда што...
I пайшоў у другi бок. Шхуну, мабыць, прыкмецiлi з iншага месца, хутчэй за ўсё з царкоўнага цвiнтара, бо да iх наблiжалiся капiтан Дэлькур i яшчэ трое. Начальнiк порта пацiснуў камiсару руку, не прыкмецiўшы нават, што той прамок да нiткi.
- Я ж iм казаў!
- Яны папярэдзiлi, што выходзяць?
- Не. Але калi я ўбачыў, як яны тут швартуюцца, дык падумаў, што яны не будуць чакаць прылiву. Ну, i параiў Ланэку сцерагчыся цячэння...
Iшлi па пяску, па лужынах, ногi загразалi па шчыкалаткi. Дабралiся з цяжкасцю, страцiўшы шмат часу.
- Гэта iм небяспечна? - спытаўся Мэгрэ.
- Iх ужо няма на борце! Iнакш яны падавалi б сiгналы трывогi, узнялi б флаг бедства, - адказаў Дэлькур.
I раптам заклапочана дадаў:
- Вось толькi шлюпкi ў iх не было... Памятаеце?.. Калi параход прывёў шлюпку, яе паставiлi ў шлюз...
- Ну i што вы думаеце?
- Значыць, дабралiся да берага плывам... Цi хутчэй за ўсё...
Дэлькур адчуваў сябе нiякавата. Яго нешта трывожыла.
- Дзiўна, што яны не паставiлi шхуну на падпоры, каб яна не легла на борт... Калi толькi адразу не перавярнулася... Ну i ну!..
Падышлi блiжэй. Камiсар канчаткова зразумеў, у якой бядзе апынулася судна. Бачны быў зялёны кiль, да якога прылiплi ракаўкi.
Маракi ўжо разглядвалi шхуну з усiх бакоў, шукалi пашкоджаннi, але нiчога не знаходзiлi.
- Проста селi на мель...
- Нiчога сур'ёзнага?
- З блiжэйшым прылiвам буксiр выцягне - не сумняваюся... Не разумею толькi...
- Чаго вы не разумееце?
- Чаму яны пакiнулi судна... Хлопцы не з баязлiвых... Дый ведаюць, што шхуна многае можа вытрымаць... Вы паглядзiце толькi, што гэта за судна!.. Гэй, Жан-Бацiст!.. Схадзi пашукай лесвiцу...
Без лесвiцы немагчыма было залезцi на шасцiметровы борт нахiленай шхуны.
- Не трэба!
Са шхуны звешваўся парваны вант. Зачапiўшыся за яго, Жан-Бацiст ускараскаўся па iм, нiбы малпа, пагайдаўся колькi секунд у паветры i саскочыў на палубу. Праз некалькi хвiлiн ён спусцiў унiз канец вяровачнай лесвiцы.
- На борце нiкога?
- Нiкога!
На беразе за некалькi кiламетраў вiднелiся дамы гарадка Дзiў, заводскiя комiны. Можна было разгледзець абрысы Кабура, Улгата, скалiсты выступ, за якiм хавалiся Давiль i Трувiль.
Каб выканаць да канца свой абавязак, Мэгрэ падняўся па лесвiцы. Але адчуў сябе на нахiленай палубе не надта ўпэўнена. Адчуванне небяспекi было большае, чым на маленькiм судне ў час страшнага шторму!
У кубрыку - асколкi разбiтага шкла, расчыненыя шафы...
Начальнiк порта не ведаў, што i рабiць. Шхуна ж не была яго ўласным суднам! Пачынаць здымаць яе з мелi, выклiкаць буксiр з Трувiля, узяць на сябе адказнасць за ўсё, што трэба рабiць у такiм выпадку?
- Калi пакiнуць тут шхуну да наступнага прылiву - капцы! - змрочна сказаў Дэлькур.
- Добра, паспрабуйце зрабiць усё, што ў вашых сiлах... Скажаце, што гэта я загадаў...
Нiколi яшчэ дагэтуль трывога не была такая цяжкая, не прыгнятала так, як цяпер. Людзi мiжволi паглядвалi ў бок пустынных дзюнаў, усё роўна як чакалi, што адтуль з'явяцца Ланэк, Вялiкi Луi, Сэлестэн...