Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн

Жорж Сименон

Приятного чтения!

Сименон Жорж

Порт у тумане (на белорусском языке)

Жорж Сiмэнон

Порт у тумане

Пераклад: Алесь Асташонак

I. КОШКА Ў ДОМЕ

Калi а трэцяй гадзiне дня яны ад'язджалi з Парыжа, яшчэ свяцiла няшчодрае восеньскае сонца. Не паспелi даехаць да Манту, як у купэ запалiлi лямпы. А калi мiнулi Эўрэ, за акном была ўжо цемрадзь. Нарэшце запацелае шкло аблажыў такi густы туман, што ў iм танулi нават чыгуначныя агнi.

Уладкаваўшыся ямчэй у куце, Мэгрэ прытулiў галаву да сцяны i, прыплюшчыўшы вочы, машынальна назiраў за двума пасажырамi насупраць - такiмi непадобнымi адно да аднаго.

Капiтан Жарыс спiць. Парык з'ехаў набок - вiдаць яго абсалютна голы, што тое калена, чэрап. Гарнiтур памяты.

А Жулi, склаўшы рукi на сумачцы са штучнай, пад кракадзiлавую, скуры, стараецца, нягледзячы на стомленасць, захоўваць задуменны выгляд.

Камiсар крымiнальнай палiцыi Мэгрэ прывык, што ў яго жыццё вiхурай урываюцца незнаёмыя людзi, цэлымi днямi, тыднямi, месяцамi патрабуюць пiльнай увагi, а пасля зноў знiкаюць у безаблiчным натоўпе.

Пад стук колаў мерна цякуць яго думкi, заўсёды адны i тыя самыя ў пачатку кожнай новай справы. Якая яна будзе гэтым разам: агiдная цi трагiчная, заiнтрыгуе цi не?

Мэгрэ глядзiць на Жарыса, ледзь прыкметна ўсмiхаецца. Дзiўны чалавек! На набярэжнай Арфэўр* яго пяць дзён называлi - "гэты чалавек", нават iмя не ўдавалася высветлiць.

* На набярэжнай Арфэўр знаходзiцца галоўны камiсарыят крымiнальнай палiцыi Парыжа.

Падабралi яго на Вялiкiх бульварах - кiнулася ў вочы, як ён кiдаўся то ўзад, то ўперад у патоку аўтобусаў i легкавых машын. Загаварылi з iм па-французску. Нi слова адказу. Паспрабавалi распытаць яго на сямi цi васьмi мовах. Зноў маўчанне. Мiгаў глуханямых таксама не зразумеў.

Вар'ят? У кабiнеце Мэгрэ яго абшукалi. Гарнiтур, бялiзна, чаравiкi - усё на iм было новае. Усе меткi з адзежы зрэзаны. Нi дакументаў, нi кашалька. Але ў адной кiшэнi - пяць зусiм новенькiх купюр па тысячы франкаў.

Невясёлы, нiчога не скажаш, пачатак расследавання! Пошукi ў службовых журналах, у антрапаметрычнай картатэцы. Тэлеграмы ва ўсе канцы Францыi i за мяжу. А "гэты чалавек", як нi мучаюць яго надакучлiвымi допытамi, толькi лагодна ўсмiхаецца з ранiцы да вечара!

На выгляд яму гадоў пяцьдзесят. Каржакаваты карантыш. Нiякiх прыкмет неспакою або незадаволенасцi не выказвае. Усмiхаецца, i ўсё. Iншы раз, праўда, здаецца, намагаецца нешта ўспомнiць, але надоўга яго не хапае. Страта памяцi? Знялi парык i ўбачылi: не далей як два месяцы назад чэрап чалавеку раскавялiла куля.

Дактары ў захапленнi ад хiрургавай працы: нячаста даводзiцца сустракацца з гэтакiм майстэрствам!

Новыя тэлеграмы ў шпiталi i клiнiкi Францыi, Бельгii, Германii, Галандыi...

Праходзяць пяць дзён карпатлiвага пошуку. Вынiкi аналiзу плямаў на адзежы i пылiнак у кiшэнях бянтэжаць.

Знойдзена рэштка высушанай i скрышанай трасковай iкры, якую апрацоўваюць гэтакiм чынам на поўначы Нарвегii i выкарыстоўваюць як прынаду пры лоўлi сардзiн.

Выходзiць, што "гэты чалавек" - адтуль? Можа, скандынаў? Некаторыя прыкметы паказваюць на тое, што ён зрабiў доўгае падарожжа па чыгунцы. Але як мог ён ехаць адзiн - без'языкi. перапалоханы недарэка, якi адразу звяртае на сябе ўвагу?