Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 59
Жорж Сименон
I дарослыя i дзецi iшлi з вёскi ў порт. Калi Мэгрэ падыходзiў да Вiстрэама, насустрач яму выбегла Жулi.
- Гэта праўда?.. Яны пацярпелi крушэнне?..
- Не... Селi на мель... Такi дужы хлопец, як ваш брат, павiнен быў выбрацца...
- Дзе ён?
Нiякавата адчуваў сябе камiсар у гарадку. Толькi ён падышоў да гатэля "Унiверсаль", гаспадар спытаў:
- Я яшчэ не бачыў двух вашых сяброў. Будзiць iх?
- Не трэба...
Мэгрэ сам падняўся ў нумар Люка, якi ляжаў на ложку, звязаны гэтаксама надзейна, як i Мэгрэ якую гадзiну назад.
- Зараз усё растлумачу...
- Не трэба!.. Хадзем...
- Ёсць што новае? Ну i змоклi вы!.. Дасталася вам, вiдаць...
Мэгрэ прывёў яго на пошту насупраць у верхняй частцы гарадка. Тыя, хто мог, беглi на бераг, астатнiя стаялi на ганках.
- Ты што, абаранiцца не змог?
- Ён мяне на лесвiцы скруцiў... Падымалiся на другi паверх... Ён iшоў ззаду... Раптам схапiў мяне за нагу - i ўсё гэта здарылася так хутка, што я i пальцам не паспеў варухнуць. Вы ж яго бачылi!
Убачыўшы Мэгрэ, усе разгубiлiся. Можна было падумаць, што ён усю ноч праседзеў па шыю ў вадзе. На пошце ён нават не змог пiсаць: папера намакала ад вады, што сцякала з яго адзежы.
- Вазьмi пяро... Тэлеграмы ва ўсе мэрыi i жандарскiя аддзяленнi дэпартамента... Дзiў, Кабур, Улгат... Паўднёвыя пасёлкi таксама: Люк-сюр-Мэр, Льён, Кутанс... Правер па карце... Усе вёсачкi на дзесяць кiламетраў ад Вiстрэама... Прыкметы чатырох: Луi, Марцiно, Ланэка, Сэлестэна... Калi адправiш тэлеграмы, тэлефануй у блiжэйшыя мэрыi i аддзяленнi, каб выйграць яшчэ час...
Пакiнуўшы iнспектара займацца тэлеграмамi i тэлефоннымi перагаворамi, Мэгрэ заскочыў у шынок насупраць пошты, выпiў залпам шклянку гарачага грогу. Прыпаўшы да акна, у камiсара цiкаўна ўзiралiся хлапчукi.
Вiстрэам прачнуўся. Усе хвалявалiся, нервавалiся, глядзелi на мора або спускалiся да берага, перадавалi навiны, якiя абрасталi рознымi дэталямi i рабiлiся неверагодныя.
Па дарозе Мэгрэ сустрэў старога рыбака, якi вызвалiў яго ранiцай.
- Ты не расказваў, што...
- Я сказаў, што знайшоў вас, - абыякава адказаў стары.
Камiсар даў яму дваццаць франкаў i зайшоў у гатэль пераапрануцца. Праймалi дрыжыкi. Кiдала то ў гарачку, то ў холад. Мэгрэ глянуў у люстра. Шчацiнне, пад вачыма - мяшкi. Аднак, нягледзячы на стомленасць, галава была ясная. Нават больш ясная, чым звычайна. Ён паспяваў усё заўважыць вакол сябе, адказваў людзям, задаваў iм пытаннi - i рабiў усё гэта з бездакорнай логiкай.
Калi ён вярнуўся на пошту, было каля дзесяцi гадзiн. Люка заканчваў тэлефонныя перагаворы. Тэлеграмы былi ўжо адпраўлены. На яго пытаннi жандары адказвалi, што пакуль нiчога асаблiвага не прыкмецiлi.
- Мадэмуазель, пан Гранмэзон не заказваў тэлефоннай размовы?
- Гадзiну назад... З Парыжам...
Яна назвала яму нумар. Камiсар пагартаў тэлефонны даведнiк i зразумеў, што гэта нумар апарата ў калежы "Станiслаў".
- Мэр часта заказвае гэты нумар?
- Нярэдка. Здаецца, гэта пансiён, дзе вучыцца яго сын.
- Але, у яго ёсць сын. Гадоў пятнаццацi, так?