Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 55
Жорж Сименон
Наверсе пачуўся нейкi няясны шум. Вялiкi Луi, здавалася, таксама задрамаў. Маленькi будзiльнiк паказваў ужо тры гадзiны. Бутэлька была амаль пустая...
Вiдаць, у такую самую ноч i знiк капiтан Жарыс... У кубрыку было гэтаксама душна, пахла потам i спiртным, горача была напалена печ... Цi сядзеў тады ён разам з iмi, змагаючыся са сном?..
Раптам на палубе пачулiся нейкiя галасы. Вецер быў вельмi моцны, i да кубрыка даносiлiся толькi асобныя гукi.
Мэгрэ ўстаў, нахмурыў бровы, убачыў, як налiваў сабе джыну Ланэк. Нахiлiўшы галаву, драмаў Вялiкi Луi. Вочы ў яго былi ўжо прыплюшчаныя.
Мэгрэ намацаў у кiшэнi рэвальвер, узняўся па прыступках стромкай лесвiцы.
Люк быў якраз такой шырынi, каб праз яго мог пралезцi чалавек, а камiсар быў шырокi ў плячах.
Таму Мэгрэ нават абараняцца не змог: толькi ён высунуў галаву з люка, як на рот яму накiнулi павязку i завязалi яе на патылiцы.
Зрабiў гэта Сэлестэн i яшчэ нехта, той самы чалавек, якi быў да таго на палубе са старым матросам.
А знiзу ў яго выхапiлi рэвальвер i звязалi яму рукi за спiнаю.
Мэгрэ з усяе сiлы брыкнуў нагою i трапiў, здаецца, у чыйсьцi твар. Але прайшло якое iмгненне, i яму канатам звязалi ногi.
- Цягнi! - абыякава сказаў Вялiкi Луi.
А зрабiць гэта было нялёгка: Мэгрэ быў цяжкi. Знiзу яго падштурхоўвалi, зверху цягнулi.
Дождж падаў стромкай сцянаю. Вецер урываўся ў бухту з неверагоднай сiлаю.
Мэгрэ здалося, што людзей было чацвёра. Было зусiм цёмна: лiхтар патушылi. Да таго ж збiваў з панталыку i раптоўны пераход з цяпла i святла да ледзяной цемрадзi...
- Раз... два... Хоп!..
Яго раскачалi, як нейкi мяшок. Ён падляцеў даволi высока i ўпаў на мокрыя камянi пiрса. Вялiкi Луi падышоў да яго, аглядзеў вяроўкi, каб пераканацца, што звязаны камiсар надзейна. На нейкi час твар былога катаржнiка наблiзiўся да твару Мэгрэ. Камiсару здалося, што рабiў Луi ўсё гэта з вельмi змрочным выглядам, неахвотна.
- Трэба будзе сказаць сястры... - пачаў ён...
Што сказаць? Ён i сам не ведаў. На шхуне чулiся хуткiя крокi, скрып, каманды напаўголаса. Паставiлi ўжо клiверы, па мачце паволi падымаўся грот.
- Трэба будзе сказаць, але, трэба будзе сказаць ёй, што калi-небудзь мы яшчэ ўбачымся... I, магчыма, з вамi таксама...
Ён цяжка ўскочыў на судна. Мэгрэ ляжаў тварам да мора. Лiхтар на канцы фала даставаў да верху мачты. Каля штурвала вiднелася чыясьцi чорная постаць.
- Адчальваем!
Вакол кнехтаў заслiзгалi канаты, якiя цягнулi з судна. Залапаталi ветразi. Нос шхуны адышоў ад паляў, i судна развярнулася ледзь не на трыста шэсцьдзесят градусаў - такi моцны быў парыў ветру.
Але рулявы здолеў усё ж выраўняць шхуну. На iмгненне "Сэн-Мiшэль" замёр на месцы - i паплыў памiж пiрсамi...
Яго чорная маса на вачах знiкала ў непрагляднай цемрадзi... На палубе свяцiлася нейкая кропка... Высока на мачце - другая... Яна здавалася зоркаю, што згубiлася ў штармавым небе...