Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 20

Жорж Сименон

"Што, калi гэтым не скончыцца?" - думалi, мусiць, яны.

Мэгрэ вытрас з люлькi попел i зашпiлiў палiто.

IV. "СЭН-МIШЭЛЬ"

- Ну як? - занепакоена пытаўся гаспадар гатэля, як толькi Мэгрэ браўся за новую талерку.

- Нiчога, - адказваў камiсар, якi, па праўдзе сказаць, i не заўважаў, што ён еў.

Мэгрэ сядзеў адзiн у гатэльным рэстаранчыку на сорак - пяцьдзесят чалавек. Жыццё ў гатэлi вiравала толькi ўлетку, калi ў Вiстрэам прыязджалi адпачыць на беразе мора. Мэбля - як i ва ўсiх пляжных гатэлях. Вазачкi на сталах.

Нiчога агульнага з Вiстрэамам, якi цiкавiў камiсара i якi ён, адчуваючы задавальненне, пачынаў разумець.

У кожным расследаваннi ён больш за ўсё не любiў менавiта пачатку: за няёмкасць першых сустрэч i розныя падманлiвыя меркаваннi.

Напрыклад, ужо сама назва - Вiстрэам. У Парыжы яму чамусьцi здавалася, што гэта - партовы гарадок, як Сэн-Мало. А потым, у першы ўжо вечар, Мэгрэ зразумеў, што гэта - змрочны куток зямлi, населены суровымi i маўклiвымi людзьмi.

Цяпер ён ведаў Вiстрэам i пачуваў сябе ў iм як дома. Не дужа самавiты гарадок, у якi вядзе абсаджаная дрэўцамi дарога. Адзiн толькi порт i заслугоўвае ўвагi: шлюз, маяк, Жарысаў дом, шынок "Марацкi прытулак". Цiкава было назiраць жыццё гарадка, якое раней здалося загадкавым, цяпер рабiлася ўсё больш зразумелым: два шлюзаваннi на дзень, рыбакi з кашамi, жменька людзей, якiя толькi тым i займаюцца, што сочаць за праходам суднаў, якiя вяртаюцца з кабатажнага плавання, iх капiтаны...

Ключа да разгадкi тайны пакуль не было. Усё заставалася загадкавым. Але добра было ўжо хоць тое, што цяпер ён бачыў дзейных асоб гэтай заблытанай гiсторыi кожную на сваiм месцы, у сваiм асяродку, занятую сваёй заўсёднай справаю...

- Вы тут надоўга? - спытаўся гаспадар, падаючы каву.

- Не ведаю.

- Здарылася б гэта ў сезон, былi б у мяне вялiкiя страты...

Цяпер Мэгрэ дакладна адрознiваў чатыры Вiстрэамы: Вiстрэам-порт, Вiстрэам-гарадок, Вiстрэам буржуазны, з некалькiмi вiламi, як у мэра, уздоўж дарогi, i, нарэшце, Вiстрэам курортны, якi часова не iснуе.

- Пойдзеце куды-небудзь?

- Пайду пагуляю крыху перад сном.

Пачынаўся прылiў. Было халадней, чым напярэдаднi, бо туман, не радзеючы, ператвараўся ў кропелькi ледзяной вады.

Усё наўкол было чорнае, вокны i дзверы зачыненыя. Вiднелася толькi вiльготнае вока маяка. Са шлюза даносiлiся галасы.

Кароткi гудок карабля. Наблiжалiся два агнi - чырвоны i зялёны. Уздоўж шлюза плыла нейкая велiзарная маса.

Цяпер Мэгрэ зразумеў, што з мора iшоў параход. Камiсар убачыў чалавечую постаць. Зараз марак прыме з судна швартоў i замацуе яго на першым кнехце. Потым капiтан загадае даць заднi ход, каб судна спынiлася.

Мiма Мэгрэ, неспакойна гледзячы на пiрсы, прайшоў Дэлькур.

- Што здарылася?

- Не ведаю...

Ён хмурыў бровы, з усёй сiлы ўзiраючыся ў мора, нiбыта можна было, напружыўшы волю, разгледзець што-небудзь у гэтай непрагляднай цемрадзi. Двое рабочых ужо збiралiся зачыняць вароты шлюза. Дэлькур крыкнуў iм:

- Пачакайце крыху!

I раптам вымавiў здзiўлена:

- Гэта ён...

У той самы момант метраў за пяцьдзесят ад iх пачуўся голас: