Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 21

Жорж Сименон

- Гэй, Луi! Стаў фок i падыходзь левым бортам.

Голас даносiўся знiзу, з цёмнай дзiркi, ад пiрсаў. Светлячок наблiжаўся. Цяпер можна было ўжо разгледзець збольшага чалавека на палубе. Зазвiнелi колцы ветразей, якiя са звонам упалi на леер.

Потым мiма Мэгрэ праплыў, як выцягнуць руку, разгорнуты грот-парус.

- Ну i ну! - прабурчаў капiтан. - Злаўчылiся ж!

Павярнуўшыся да паруснiка, Дэлькур крыкнуў:

- Дайце наперад! Носам да левага борта парахода, iнакш не зачынiць вароты...

Нейкi чалавек саскочыў на зямлю са швартовым i, упёршыся рукамi ў бокi, выглядваў нешта ў цемры.

- "Сэн-Мiшэль"? - спытаўся Мэгрэ.

- Ён самы... Яны iшлi з хуткасцю парахода...

Унiзе, на палубе, гарэла толькi адна маленькая лямпачка, якая асвятляла бочку, груду канатаў, чалавека, што бег ад руля да носа шхуны.

Адзiн за адным падыходзiлi шлюзаўшчыкi i, не верачы вачам, глядзелi на судна.

- На месцы, хлопцы!.. Давайце!.. Гэй там, каля дзержакоў!

Калi вароты зачынiлiся, вада пайшла праз засаўкi i судны пачалi падымацца. Слабы агеньчык наблiзiўся яшчэ больш. Палуба была ўжо на ўзроўнi прычала, i чалавек на ёй загаварыў з начальнiкам порта:

- Як справы?

- Нiчога, - адказаў Дэлькур. - Хутка ж вы ўправiлiся!

- Вецер быў спадарожны, i Луi паставiў усе ветразi. Нават абышлi нейкi параход!

- Ты ў Кан iдзеш?

- Але, на разгрузку! Тут нiчога новага?

Мэгрэ стаяў за два крокi ад капiтана "Сэн-Мiшэля", з якiм гаварыў Дэлькур, Вялiкi Луi - крыху далей, але яны амаль не бачылi адзiн аднаго.

Начальнiк порта павярнуўся да камiсара, не ведаючы, што i сказаць.

- Праўда, што Жарыс вярнуўся? Здаецца, пра гэта пiсалi ўжо ў газеце...

- Ён вярнуўся i зноў паехаў...

- Як гэта?

Засунуўшы рукi ў кiшэнi, Вялiкi Луi падышоў крыху блiжэй. Незвычайна высокi i шырокi ў плячах, быў ён нейкi нязграбны, скасабочаны, азызлы. Праўда, у гэтакай цемрадзi ён мог здацца шмат больш непрыгожы целам, чым быў на самой справе.

- Ён памёр...

Цяпер Луi наблiзiўся да Дэлькура ўсутыч.

- Гэта праўда? - выцiснуў ён з сябе.

Толькi цяпер пачуў Мэгрэ ягоны голас. Ён быў нейкi млявы, хрыплы, манатонны. Твар па-ранейшаму быў нябачны.

- У першую ж ноч, як вярнуўся, яго атруцiлi...

Абачлiвы Дэлькур паспяшаўся дадаць - з яўным намерам папярэдзiць:

- Вось камiсар з Парыжа, якому даручана справа.

Дэлькуру стала лягчэй. Ён ужо даўно думаў, як iм пра гэта паведамiць. Можа, ён баяўся якой-небудзь неабачлiвасцi экiпажа "Сэн-Мiшэля"?

- А, гэта пан з палiцыi...

Судна ўсё яшчэ падымалася. Капiтан перамахнуў праз борт на прыстань, не ведаючы, падаваць Мэгрэ руку цi не.

- Ну i ну! - вымавiў ён, думаючы пра Жарыса.

Адчувалася, што ён таксама занепакоены - i яшчэ больш, чым Дэлькур. Велiзарны нязграбны Луi тупаў на месцы. Ён усё роўна як прагаўкаў нешта зусiм неразборлiвае.

- Што ён кажа? - спытаў камiсар.

- Балбоча па-тутэйшаму: "Свалата на свалаце!.."

- Хто - свалата? - спытаўся Мэгрэ ў былога катаржнiка.

Але той толькi паглядзеў яму ў вочы. Цяпер Мэгрэ i Луi стаялi амаль побач. Вiдаць было, што твар у матроса азызлы, адна шчака таўсцейшая або здавалася такой, бо ён трымаў галаву набок. Вочы - вялiкiя, лупатыя.