Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 18

Жорж Сименон

- I ён быў учора, калi адсутнiчала сястра?

Дэлькур адвярнуўся, не рашыўшыся зманiць. I Мэгрэ зразумеў, што ўсяе праўды яму тут нiколi не скажуць: усе гэтыя людзi мора былi звязаны нейкiм моцным духам еднасцi.

- Не адзiн ён.

- Што вы хочаце сказаць?

- А нiчога. Кажуць, што бачылi нейкага незнаёмага... Зрэшты, хто яго ведае...

- Хто яго бачыў?

- Не ведаю... Кажуць так некаторыя... Можа, вып'ем?..

Гэтым разам Мэгрэ ўвайшоў у шынок, пацiскаючы працягнутыя рукi.

- Хуценька ж яны ўправiлiся, пракуратуршчыкi!..

- Што будзеце пiць?

- Пiва.

За ўвесь дзень сонца нi разу не схавалася. Але памiж дрэвамi працягнулiся ўжо смугi туману, дый вада ў канале пачынала дымiцца.

- Зноў на ўсю ноч у гэтую вату! - уздыхнуў капiтан.

I адразу ж завыла сiрэна.

- Гэта сiгнальны буй, там, пры ўваходзе ў фарватэр.

- Капiтан Жарыс часта хадзiў у Нарвегiю? - спытаўся раптам Мэгрэ.

- Калi служыў у Ангельска-Нармандскай кампанii, дык нярэдка. Асаблiва адразу пасля вайны: не хапала дрэва. Паршывы груз, нiякай магчымасцi манеўраваць...

- Вы служылi ў адной кампанii?

- Нядоўга. Я больш служыў у бардоскай кампанii "Вормс". Хадзiў, як мы кажам, на "трамваi", гэта значыць па адным i тым самым маршруце: Бардо - Нант, Нант - Бардо... I так - васемнаццаць гадоў!

- Адкуль родам Жулi?

- Дачка рыбака з Порт-ан-Бэсэна... Зрэшты, якi там рыбак!.. Бацька нiколi сур'ёзнай справай не займаўся... Памёр у вайну... Мацi, напэўна, i сёння гандлюе на вулiцы рыбай, а больш п'е ў шынку.

I зноў, думаючы пра Жулi, Мэгрэ ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. Ён згадаў, як яна рашуча ўвайшла ў яго кабiнет у Парыжы, а потым, як сёння ранiцай спрабавала вырваць у яго з рук братаву цыдулку.

Жарысаў дом ужо знiкаў у тумане. Святла не было нi на другiм паверсе, адкуль забралi нябожчыка, нi ў сталовай - яно гарэла толькi ў калiдоры i, мабыць, на кухнi, дзе суседкi сядзелi з Жулi.

У шынок увайшлi памочнiкi шлюзаўшчыкоў. Каб не замiнаць камiсару i капiтану, яны селi за столiк у глыбiнi шынка i пачалi партыю ў дамiно. У порце запалiлi маяк.

- Паўтарыце! - сказаў капiтан афiцыянтцы, паказваючы на чаркi. - Цяпер я частую, - зноў павярнуўся ён да Мэгрэ.

А той спытаў у яго нечакана мяккiм голасам:

- А дзе б ён цяпер быў, Жарыс, калi б быў жывы? Тут?..

- Не! Сядзеў бы ў сябе дома ў пантофлях!

- У сталовай? У спальнi?

- На кухнi... чытаў бы газету, потым садовую кнiгу... З нейкага часу ён захапiўся кветкамi... Паглядзiце! Позняя восень, а ў яго поўны сад кветак...

Астатнiя наведнiкi шынка засмяялiся. Але, вiдаць, iм было крыху нiякавата ад таго, што яны марнуюць час тут, а не маюць якога-небудзь вартага захаплення, накшталт кветак, як у Жарыса...