Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 22
Жорж Сименон
- Учора вы былi тут, - сказаў яму камiсар.
Шлюзаванне скончылася. Адчынiлiся верхнiя вароты. Параход паплыў па канале, i Дэлькуру прыйшлося бегчы за iм, каб спытаць, якi ў яго танаж i адкуль ён iдзе. З мастка данеслася:
- Дзевяцьсот тон!.. Руан...
Але "Сэн-Мiшэль" са шлюза не выходзiў. Людзi, якiя стаялi на сваiх месцах, гатовыя да манеўру, адчувалi, што адбываецца нешта незвычайнае, i напружана чакалi.
Вярнуўся Дэлькур, занатоўваючы на хаду ў нататнiк атрыманыя звесткi.
- Ну дык як? - нецярплiва спытаўся Мэгрэ ў Луi.
- Што - як? - прабурчаў той. - Вы кажаце, што я быў тут. Ну, значыцца, быў...
Зразумець яго было нялёгка, бо ён неяк дзiўна глытаў словы, гаварыў, не разяўляючы рота, усё адно як жаваў штосьцi. Да таго ж у яго было тыповае тутэйшае вымаўленне.
- Навошта вы прыходзiлi?
- З сястрою пабачыцца...
- А раз яе не было дома, пакiнулi ёй цыдулку.
Мэгрэ ўпотайкi разглядваў капiтана шхуны, якi быў апрануты гэтаксама проста, як i яго матрос. Нiчога асаблiвага ў iм не было. Выдаваў хутчэй на заводскага майстра, чым на капiтана.
- Прастаялi тры днi на рамонце ў Фекане. Вось Луi i скарыстаўся выпадкам, каб праведаць Жулi! - умяшаўся ён.
Людзi, што стаялi вакол шлюза, прыслухоўвалiся, напэўна, да размовы i старалiся не шумець. Удалечынi выла сiрэна. Туман рабiўся ўсё больш вiльготны, i брук пад нагамi аж блiшчаў.
На палубе шхуны адкрыўся люк, высунулася нечыясь галава. Валасы ў чалавека былi раскудлачаныя, твар няголены.
- Ну i што?.. Так i будзем стаяць тут?..
- Заткнiся, Сэлестэн! - рэзка крыкнуў гаспадар шхуны.
Дэлькур прытупваў нагамi - можа, каб сагрэцца, а можа, каб не выдаць сваёй збянтэжанасцi, бо не ведаў, што цяпер рабiць: заставацца тут цi iсцi, куды яму трэба.
- Чаму вы лiчыце, Луi, што Жарысу пагражала небяспека?
- Ну... раз яму рассадзiлi чэрап, - пацiснуў плячыма матрос, - дык няцяжка здагадацца.
Каб размаўляць з iм, патрэбны быў, бадай што, перакладчык, так нялёгка было разабраць яго бурчанне.
Дужа скоўвала няёмкасць, а тут яшчэ ўсё адно як нейкая трывога павiсла ў паветры.
Луi паглядзеў у бок Жарысавага дома, але нiчога не ўбачыў.
- Яна там, Жулi?
- Там... Вы пойдзеце да яе?
Ён пакруцiў галавою, усё роўна як мядзведзь.
- Чаму?
- Раве цяпер, вiдаць, - сказаў ён з агiдаю чалавека, якi цярпець не можа слёз.
Туман гусцеў i гусцеў. Дэлькур не мог ужо больш выносiць гэтага маўчання i тупання на адным месцы.
- Можа, хадзем вып'ем?..
Нейкi рабочы, якi стаяў непадалёк, папярэдзiў:
- Шынок толькi што зачынiлi.
Тады капiтан "Сэн-Мiшэля" прапанаваў:
- Давайце прапусцiм па адной у кубрыку - калi хочаце...
* * *
Яны сядзелi ўчатырох: Мэгрэ, Дэлькур, Вялiкi Луi i капiтан судна Ланэк. Кубрык быў невялiкi. Маленькая печачка ажно палала, i ўсё вакол запацела. Святло падвеснай газнiчкi здавалася чырвоным.
Сцены былi з пакрытых лакам сасновых дошак. Дубовы стол сцёрты i парэзаны нажом, месца жывога на iм не было. На стале - брудныя талеркi, залапаныя шклянкi з тоўстага шкла, паўбутэлькi чырвонага вiна.
Ложкi капiтана i Луi, яго памочнiка, былi незасланыя. На iх валялiся боты i брудная адзежа. Пахла смалою, спiртам, кухняй i спальняй, але ўсё гэта перабiвалi карабельныя пахi, якiя цяжка назваць нейкiм пэўным словам.