Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 19
Жорж Сименон
- Ён не хадзiў на паляванне?
- Зрэдку... Хiба што калi яго хто запрашаў...
- З мэрам?
- I такое бывала... Калi качак было багата, яны разам палявалi з будана...
Святло ў шынку было такое слабае, што ў тытунёвым дыме амаль не было вiдаць гульцоў у дамiно. I паветра было спёртае: увесь час палiлi ў печцы. На вулiцы была поўная цемра, але ў тумане яна рабiлася мутная - нечым нездаровым патыхала ад яе. Па-ранейшаму выла сiрэна. Люлька ў Мэгрэ патрэсквала.
Адкiнуўшыся на крэсле i прыплюшчыўшы вочы, ён спрабаваў злучыць асобныя дэталi справы, пакуль яшчэ нiчым мiж сабою не звязаныя.
- Жарыс знiк на паўтара месяцы i вярнуўся з разбiтым i залатаным чэрапам! - сказаў ён, не прыкмецiўшы, што думае ўголас. - А ў дзень вяртання яго чакала тут атрута. I толькi на ранiцу Жулi знайшла цыдулку ад брата!
Мэгрэ цяжка ўздыхнуў i прамармытаў, нiбы рабiў выснову:
- Урэшце, яго спрабавалi забiць! Пасля вылечылi. А потым усё ж такi забiлi! Калi толькi...
Гэтыя тры падзеi нiяк не звязвалiся ў адно. I тут раптам у галаву прыйшла дзiўная думка - настолькi дзiўная, што нават спалохала яго.
"Калi толькi першы раз яго спрабавалi не забiць, а проста зрабiць iдыётам..."
Хiба парыжскiя медыкi не казалi, што аперацыю зрабiў майстар сваёй справы?
Але няўжо, каб зрабiць чалавека непаўнацэнным, трэба раскраiць яму чэрап?
I потым, што гаворыць за тое, што Жарыс страцiў розум?
На Мэгрэ глядзелi ў пачцiвым маўчаннi. Хiба што таможнiк паказаў адзiн раз афiцыянтцы на чаркi:
- Тое ж самае...
Усе сядзелi, ёмка ўладкаваўшыся на крэслах, разамлелыя ад цяпла i задуменныя. I думкi гэтыя, i без таго не надта ясныя, рабiлiся зусiм цьмяныя.
Чуваць было, як праехалi тры машыны: прадстаўнiкi пракуратуры вярталiся ў Кан пасля прыёму ў мэра. А цела капiтана Жарыса ў гэты час ужо ляжала ў халодным моргу Iнстытута судова-медыцынскай экспертызы.
Усе маўчалi. У куце пастуквалi па абшарпаным стале костачкамi дамiно памочнiкi шлюзаўшчыкоў. I адчувалася ўжо, што загадка Жарысавай смерцi занепакоiла спакваля i партавiкоў, цiснула на кожнага з iх, здавалася, павiсала ўжо ў паветры i не давала думаць нi пра што iншае... Твары нахмурылiся. Сама малады таможнiк не выцерпеў i ўстаў.
- Пайду дамоў... Жонка чакае...
Мэгрэ працягнуў свой капшук суседу, якi, набiўшы люльку, перадаў яго далей. Тады пачуўся голас Дэлькура. Той таксама ўстаў, бо не мог тут болей трываць.
- Колькi я вiнен вам, Марта?
- За дзве порцыi?.. Дзевяць франкаў семдзесят пяць сантымаў... Плюс тры дзесяць за ўчарашняе...
Цяпер ужо ўсталi ўсе. Праз зачыненыя дзверы ў шынок цягнула халодным паветрам. Пацiснулi адзiн аднаму рукi.
На вулiцы, ахутанай туманам, кожны пайшоў у свой бок. Чуваць быў стук абцасаў, якi перакрыла раптам сiрэна.
Мэгрэ, нерухомы, прыслухоўваўся нейкi час да крокаў - яны былi то цяжкiя, то няўпэўненыя, то рабiлiся раптам хуткiя...
I камiсар зразумеў, што немаведама як, але страх працяў гэтых людзей.
Яны баялiся, усе, што iшлi цяпер дамоў, баялiся ўсяго i нiчога - нейкае няяснае небяспекi, нечага нядобрага, што нельга было пакуль яшчэ прадказаць, баялiся i цемры i святла.