Читать «Палёт у мінулае» онлайн - страница 3

А Александровіч

Яны ўбачылі свой завод ціхім, над якім разьліваўся сьвет вольтавага ліхтара; убачылі, як насупраць заводу адбываецца вечарынка; убачылі, як ля завадзкое брамы стаіць з вінтоўкаю ў руках вартаўнік.

І гэта ня дзіва!.. Яны выляцелі сёньня раніцою і ў поўдзень убачылі тое, што адбывалася ноччу...

Кожны твой крок нібы фотографіруе, нібы адбівае на лястынцы наша вечна-шумная, чароўная прырода.

Цемнавата. Месяц лазіць па стрэхах заводу, прысядае на дымнай шапцы завадзкой трубы... Ветрык ціха прабяжыць...

Завод сьпіць...

Паўлюк — малады беларускі Эдыссон —стварыў спэцыяльны апарат для сувязі ў выглядзе простага нагана. Ён напісаў запіску дырэктару заводу, уклаў яе ў абойму і, націснуўшы курок, паперка бяз усякіх перашкод, у такім-жа выглядзе, як яна была ў руках Паўлюка, панеслася ўніз і нікому нявідана апынулася ў пакоі дырэктара на стале.

У гэтай запісцы яны паведамілі дырэктара аб іх падарожжы:

„Не клапацецеся, усё спраўна. Мы цьвёрда рашылі даведацца ўвачавідкі аб мінуўшчыне Беларусі. Колькі нам ня прыходзілася гаварыць, дык шмат і шмат таварышоў выказваюць свае погляды, што Беларусь — краіна ціхая, што ў Беларусі няма ў мінуўшчыне гэрояў - рэволюцыянэраў, няма прыгожых гістарычых малюнкаў. Мы паставілі сабе заданьнем нырнуць у мінуўшчыну і там спыняцца толькі на важных, коштоўна-гістарычных кругабегах. Вы ніжэй нас. Вы цяпер працуеце на заводзе, у вас ясны сонечны дзень, а мы вышэй, мы знаходзімся ў сецях сёньнешняй ночы, той ночы, якая прайшла...

Ну, бывайце...

з прывітаньнем „Тройка"."

У часе абеду дырэктар забег дамоў.

— Што за ліха!.. — ускрыкнуў зьдзіўлена дырэктар, прачытаўшы запіску.

— Сёньня раніцою яны адпрасіліся на дзень... „Мы вам толькі аднаму, — казалі яны, — адкрываем сваю тайну"... Малай­цы, чарцякі, адкрылі тайну ды бяз тайны, ма-лай-цы!..

І дырэктар пабег расказаць рабочым.

Рабочыя ну ніяк не маглі ўявіць сабе, як гэта можна.

— Ну, цяпер 1924 год, праўда? Дык як яны могуць апынуцца ў 1923 годзе?

— Эт, галаваломіца...

— Выдумалі самалёт мінуўшчыны.

Але ніхто ні на адно пытаньне ня мог адказаць.

А тут справа не ў вярсьце. «Паўлюяздан» — самалёт часу.

І тут нічога дзіўнага...

Мы ведаем — ёсьць зоркі. Мы іх заўсёды бачым і нам здаецца, што яны ніколі ня гінуць.

Ды праўда, каб сказаў хто-небудзь, што зоркі гінуць, тухнуць, дык яго засьмяялі-б. Гэта-ж выйдзі, асабліва ў зімовы вечар, ды глянь на неба, дык гэтых зорак такая процьма, што ажно дзівішся.

Але быў праў той, хто казаў, што зоркі тухнуць. Тут такая справа. Зорка патухне, але той прамень, які яна кідала, ідзе да зямлі 55—60 год.

І зорка ўжо на небе ня пылае, а нам здаецца наадварот, бо не прайшло яшчэ 50—60 год і нам відаць яе прамень, відаць як-бы агонь.

Такім чынам, той прамень, які ідзе ад неба да зямлі, нырае у 50—60 год.

Узяць, напрыклад, шост і паставіць яго ад зямлі ўвысь i калі-б гэта было-б магчымым пачаць уздымацца па ім і мы маглі дабрацца да таго месца, дзе прамень стаіць, прайшоўшы 40 год жыцьця, а каб узьбірацца яшчэ вышэй, можна ўнікнуць яшчэ глыбей у мінуўшчыну, узьняцца на тое самае месца, дзе прамень стаіць, прайшоўшы 20 год жыцьця, і мы убачым там тое, што адбывалася 30 — 40 гадоў назад.