Читать «Палёт у мінулае» онлайн - страница 2

А Александровіч

Беларускай марсэльезай задрыжэў завод...

Шчыльнымі калёнамі выйшлі рабочыя на парад...

„Тройка", Паўлюк Язэп і Даніла, нага ў нагу з рабочымі iдуць па вуліцы, а ў думках... самалёт.

Ён цяпер стаіць на спэцыяльна зробленай нібы паліцы...

На пляцы рабочыя разам з усёй працоўнай Беларусьсю, узьняўшы чырвоны сьцяг, пасылаюць сваё першамайскае прывітаньне ўсім працоўным народам.

— Мы павінны ў дзень нашага сьвята пачаць новую працу: правесьці агляд сваёй стараны як з сучаснага, так і з гістарычнага боку...

І толькі пачалі раздавацца лёзунгі, як узьнялося шматмільённае ура і ў кожнага яно вырывалася так шчыра, як у «тройкі", якая так даўно гэту ідэю трымае ў сваіх грудзёх...

***

Завод быў абліты электрычным бляскам.

Іграў оркестр.

Сабраліся рабочыя, іх дзеці, госьці з суседняй фабрыкі.

Адны хадзілі па карыдоры, гутарылі, другія сядзелі за доўгімі сталамі, чыталі газэты, гулялі ў шахматы, шашкі. Iншыя аглядалі выстаўку. Тут былі Паўлюк, Язэп і Даніла. Яны надта уважліва разглядалі кожную з машын, важна разьбіраліся ў дыяграмах тэхнікі, прыслухоўваліся і баяліся праслухаць хоць адно слова тлумача-інжынэра.

Грамада рабочих, гасьцей. разам з інжынэрам, падыйшлі да... самалёта.

Інжынэр, які і прыняў ад „тройкі" самалёт, крануў пропэльлер: зашыпеў, забурчэў самалёт і глядзі... панёсься!..

Насупраць, пры другой сьценцы, была зроблена таксама паліца, на якой ляжала сена, пакрытае палатном. Самалёт, як ведаў, тут і стаў...

Уся ўвага на самалёце...

Гутарка аб самалёце, а як даведаліся аб яго будаўнікох, дык хоць ты схавайся — адзін хоча пахваліць, другі запытацца, а трэці проста пазнаёміцца.

А ў галовах Данілы, Паўлюка і Язэпа рыюцца думкі, хочацца нешта стварыць сваё, новае, уласнае...

Назаўтра, ідучы ўжо на завод, „тройка" парашыла паехаць павандраваць па мінуўшчыне. І нікому нічога ня кажучы, хлопцы надумалі і пачалі будаваць зусім просты апарат, на якім можна паляцець у мінуўшчыну — ва ўчарашні дзень, у мінулы год, у 11-ае ліпеня, у дзень Кастрычніка.

Патрэбны былі і сродкі.

Некаторыя рэчы яны дасталі з заводу, а некаторыя куплялі за свае ўласныя грошы.

Так праходзіў тыдзень, пасьля месяц, другі...

— Ур-ра! Апарат скончылі!..

Назвалі яго „Паўлюяздан". Злучылі скарочанае імя кожнага з будаўнікоў:

Паулю(к)+Яз(эп)+Дан(іла) — вось і імя!

Як раз у сераду раніцою, адкрыўшы сваю тайну дырэктару заводу, хлопцы адпрасіліся на адзін дзень...

Толькі пасьпелі завадзкія гудкі склікаць рабочых, толькі яшчэ пачалі запяваць сваю заўсёдную песьню машыны, шыпець на колах рамні, як бяз шуму, ціха падняўся "Паўлюяздан“ увысь, увысь, пасьля ўбок і раптам узад...

Не прайшло і паўгадзіны, як „Паўлюяздана" ужо на небазводзе і сьлед прастыў...

Хлопцы ўжо ўляталі ў сёньнешнюю ноч, але аб гэтым ніхто ня ведаў...

АБЕД

Стукнула ў грудзі сіняга паветра пара з завадзкое трубы.

Раздаўся глухі расьцягнуты гудок.

Гэта гудок на абед...

Толькі ў сталоўцы рабочыя заўважылі,што няма „тройкі".

— Так і знай, што нешта задумалі, — казаў стары качагар Лаўрэм...

— Бо не дарма хадзілі тут, кляпалі, згаварываліся, нешта рабілі...

А хлопцы ня так-жа даўно былі тут на дварэ, ля за­воду, а цяпер у сецях сёньнешняй ночы...