Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 15

Уладзімір Бутрамееў

Iзяслаў. Зараз?

Гарабой. Так.

Ізяслаў. Гэй, трубы!

Чуюцца паляўнічыя ражкі. На паляне ўсе на нагах. Хапаюцца за зброю. Ізяслаў ляскае ў ножнах сваім мечам, спяшаецца да каня. За ім — лоўчы з рагацінай і сякерай. Зноў трубяць паляўнічыя ражкі. Аднекуль здалёку далятаюць чалавечыя крыкі, сабачы брэх.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Раніца. Зыркае сонца. Па адкінутым драўляным мосце ў замак ідуць вясёлыя паляўнічыя. Паперадзе — княжыч Ізяслаў. Двое смердаў нясуць на жэрдцы мокрую, таму, відаць, цяжкую шкуру забітай мядзведзіцы. Насустрач праз мост спяшаецца Рагнеда.

Рагнеда. Каб ведаў ты, колькі я хвалявалася, сын! (Хоча абняць княжыча, але бачыць кроў.) Ты паранены?

Ізяслаў (радасны). Супакойся, мама. Гэта мядзведжая кроў. Запэцкаўся, калі шкуру здзіралі ды тушу секлі на кавалкі.

Рагнеда (з недаверам глядзіць на лоўчага). Ён праўду кажа?

Лоўчы. Праўду, княгіня. Але паказаў сябе гэты раз сапраўдным мужчынам.

Ізяслаў. Так, мама. Я яе...

Рагнеда. Хвалько ты, Ізяслаў. (Усё-ткі прытульвае сына, нягледзячы што кроў, да сябе.)

Лоўчы. Княжыч праўду кажа. Сёння ён мяне ад абдымкаў мядзведзіцы ўратаваў. Рагаціну яна выбіла з маіх рук, дык ён падхапіў і пад звера падставіў. Так што гэта цалкам яго паляўнічае шчасце!

Рагнеда. Не, лоўчы, не толькі паляўнічае. Мусіць, княжычу... Словам, рада бачыць вас усіх жывымі-здаровымі. Дзякуй за сына, паляўнічыя!

Лоўчы. Мядзведзіцу, дакладней, мяса, вязуць на кані. Куды яго, княгіня?

Рагнеда. А што, княжыч, можа, наладзім пір? Вялікі князь, а твой бацька, заўсёды пасля ўдалага палявання наладжваў пір. Ты таксама становішся магутны.

Ізяслаў. I паклічам сяброў.

Рагнеда. Дзе яны, тыя нашы сябры? У Полацкай зямлі, акрамя нас, князёў няма. Гэта трэба з Турава каго запрашаць, а то і з Польскай зямлі.

Ізяслаў. У мяне, мама, сяброў многа. (Паказвае на паляўнічых.) Вось глядзі!

Рагнеда. Гэта таму, сын, што ты яшчэ ніколі не адчуваў сябе князем. Ды і ці зведаеш калі такое пачуццё?

Чуюцца крыкі: «Коннік! Коннік!»

Праз нейкі момант па мосце да натоўпу ледзь не подбегам набліжаецца дружыннік — ганец вялікага князя Уладзіміра.

Дружыннік (яшчэ не адрозніваючы нікога ў натоўпе). Вялікі князь Уладзімір патрабуе ў Кіеў свайго сына Ізяслава! (Нарэшце заўважае Рагнеду, апускаецца перад ёй на правае калена, схіляе галаву.) Княгіня, я да вас адразу з Корсуня. Сказана з’явіцца Ізяславу ў Кіеў!

Рагнеда. Чаму раптам у Кіеў, калі вялікі князь у Корсуне?

Дружыннік. Адтуль ён неўзабаве накіроўваецца ў Кіеў. Там патрэбны яму Ізяслаў.

Рагнеда. Аднаго?

Дружыннік. Сказана з’явіцца аднаму.

Рагнеда. Але чаму? Якая патрэба?

Дружыннік. Не хвалюйся, княгіня, я звычайна не прывожу з сабой дрэнныя весткі. Але чаму вялікі князь кліча Ізяслава ў Кіеў, таксама не ведаю.

Рагнеда. Устань. Даўно ў князя служыш?

Дружыннік. З тае зімы.

Рагнеда. А-а, балазе, што не помкю цябе.

Дружыннік. І я першы раз цябе бачу, княгіня.

Рагнеда (да сына). Бачыш, княжыч, а мы толькі гаравалі, што гасцей няма дзе знайсці для піру.

Дружыннік здагадваецца, што перад ім Ізяслаў, схіляе галаву, а тады заўважае мядзведжую шкуру, прыходзіць у захапленне.