Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 17
Уладзімір Бутрамееў
Дружыннік. Дружыну вялікі князь будзе хрысціць у Кіеве. У Корсуне яго хрысцілі аднаго.
Рагнеда. Дык, можа, гэта ён хоча перавярнуць у новую веру і нашага Ізяслава?
Дружыннік. Ты задаеш, княгіня, такія пытанні, на якія мне цяжка адказваць. Я далейшай князевай волі не ведаю. Мне загадана адно: прывезці ў Кіеў княжыча Ізяслава.
Рагнеда. Ладна, забудзем!.. Тут нядаўна праваслаўны прэсвітэр быў, Апанасій. Не знаеш яго?
Дружыннік. Не.
Рагнеда. Дык той нам шмат расказваў пра новую веру. Дарэчы, твой прыезд, дружыннік, прэсвітэр Апанасій таксама ўсё роўна як прадказаў праз сон. Але раскажы і ты, як хрысцілі вялікага князя?
Ізяслаў. А што за сон, мама?
Рагнеда. Ат, пасля, сынку, пасля. Цяпер паслухаем дружынніка.
Дружыннік. Хрысціў вялікага князя ў Корсуне...
Рагнеда. Пра гэта расказваў прэсвітэр. Чаму вялікі князь прыняў новую веру? Няўжо і праўда — праз тое, што з царскай сястрой захацеў ажаніцца?
Дружыннік. Прэсвітэр гэтак гаварыў?
Рагнеда. Не.
Дружыннік. Якую веру прыняць, у Кіеве доўга думалі, княгіня.
Рагнеда. А старая вера? Чым не падабаюцца цяпер у Кіеве нашы багі?
Дружыннік. То князь Уладзімір рашае.
Рагнеда. І за сябе рашае і за ўсіх людзей?
Дружыннік. Выходзіць, так.
Рагнеда. А што смерды, баяры?
Дружыннік. Наракаюць. Не кожны хоча разлучацца са старымі багамі.
Рагнеда. Дзіва што! А вялікі князь вельмі награшыў з гэтымі багамі, калі шукае новага. Спадзяецца, што новы Бог даруе яму старыя грахі. Дзівак. Ну, то расказвай, дружыннік.
Дружыннік. Перад тым як прыняць новую веру, князь Уладзімір раіўся са сваімі баярамі, пасылаў у розныя канцы свету паслоў. Але да таго яшчэ прыходзілі ў Кіеў балгары магаметанскай веры. Кажуць, ты, князь, і мудры і разумны, а закону не ведаеш. Пазнай наш закон і пакланіся Магамету.
Iзяслаў. А бацюхна?
Дружыннік. Кажа, якая ж ваша вера? Магаметанскія балгары адказваюць, маўляў, вучыць нас Магамет так: не есці свініну, не піць віна, затое можна блудзіць з жанчынамі. Калі хто бедны на гэтым свеце, то бедны застанецца і на тым.
Рагнеда. А жанчынам што дазваляецца пры іхняй веры?
Дружыннік. Яны ў іх тое ж могуць рабіць, а яшчэ і больш таго.
Рагнеда (
Дружыннік. Вялікі князь таксама плюнуў пасля балгарскіх паслоў. Затым прыходзілі ў Кіеў яўрэі. Была ў вялікага князя гамонка з рымскімі філосафамі. Паслухаў ён усіх, а тады рашыў і сваіх паслоў накіраваць.
Рагнеда. Куды яны хадзілі?
Дружыннік. Былі і ў немцаў, і ў грэчаскіх балгараў. Нарэшце дайшлі і да Царгорада. Цары, а там два цары — Васіль і Канстанцін, выслухалі кіеўскіх паслоў, сказалі патрыярху: «Падрыхтуй царкву і клір і сам апраніся ў свяціцельскія рызы, каб пабачылі рускія славу нашага Бога».
Рагнеда. Значыць, не царыцу паслы адразу ўбачылі там, а славу мясцовага Бога?
Дружыннік. Прынамсі, вярнуліся яны ў Кіеў радасныя. Кажуць: «Знаходзіцца там Бог з людзьмі, і служба ў іх лепшая, чым у іншых краінах». Вялікі князь паслухаў ды кажа: «Сапраўды, свайго ніхто не ганіць, адно хваліць. Але ж бабка мая Вольга...» — «Калі б быў дрэнны грэчаскі закон,— сказалі князю баяры,— то не прыняла б яго бабка твая Вольга...» I сказаў вялікі князь: «Дзе прымем хрышчэнне?» — «Дзе табе люба»,— адказалі яны. Вось і выбраў князь Уладзімір Корсунь, наперад заваяваўшы яго.