Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 14

Уладзімір Бутрамееў

Да вогнішча падыходзіць паляўнічы.

Паляўнічы. Нешта даўно не чуваць загоншчыкаў.

Лоўчы. А яны не будуць гнаць сюды мядзведзіцу. Як высачаць яе, Гарабой адразу прышле чалавека. Яна ж не ў берлагу. Увесь час рухаецца.

Ізяслаў. Добра было б, калі б адшукалі яе па той бок Свіслачы. Сабакі б пагналі сюды праз раку. А мы — насустрач.

Паляўнічы. Дрэнна, што яна цяпер лютая.

Iзяслаў. Станеш лютай.

Лоўчы. Я пра гэту мядзведзіцу чуў даўно. Але не сустракаў у лесе. Недзе ж і мядзведзь прыходзіў сюды, раз дзіця ў яе з’явілася.

Паляўнічы. Гэта пэўна ўжо. (Адыходзіць ад вогнішча.)

Лоўчы. Ты б заснуў, княжыч, пакуль што да чаго.

Ізяслаў. Паспім пасля палявання. Ты вось гаварыў пра кніжкі. Помню, бацька любіў, каб яму чыталі іх манахі.

Лоўчы. Кніг цікавых, княжыч, сапраўды шмат. Але пра тутэйшую зямлю мала. Таму і расказваюць аб адным і тым жа кожны па-рознаму. Я вось раскажу табе, княжыч, калі не спіцца, як пасылаў сватоў твой бацька з Ноўгарада ў Полацк. Гэта на маіх вачах было. Я і сам адзін раз ездзіў у такім пасольстве разам з іншымі отракамі да твайго дзеда Рагвалода, каб аддаў за нашага князя сваю дачку, цяперашнюю тваю маці.

Ізяслаў. Расказвай. (Узяў палена, паварушыў ім у вогнішчы; зноў снапом паляцелі ўгору іскры.)

Лоўчы. Да маці тваёй сватаўся вялікі князь Яраполк, які сядзеў тады на стале ў Кіеве. I яна давала згоду пайсці за яго. Уладзімір таксама дачуўся пра яе прыгажосць. А найбольш, можа, хацеў выступіць супроць брата Яраполка, бо пасля вяртання з-за мора меў моцную дружыну і пасягаў у думках на Кіеўскі стол. Было гэта якраз перад паходам на Кіеў.

Iзяслаў. Браты заўсёды варагавалі?

Лоўчы. Можа, таму, што яны толькі па бацьку браты. Маці ў іх былі розныя. Нават з розных земляў.

Iзяслаў. Мы таксама ад розных маці. Мсціслаў з Усеваладам мае адзінаўтробныя браты. Святаполка нарадзіла грачанка, Вышаслава — чахіня, балгарыня — Барыса і Глеба, а ёсць яшчэ Святаслаў і яшчэ адзін Мсціслаў. Бачыш, усіх нават пералічыць цяжка!

Лоўчы. Так, вялікі князь мае моцны корань. Але калі хочаш, княжыч, то слухай, як прыязджалі мы ў Полацк да твайго дзеда Рагвалода.

Ізяслаў. Расказвай.

Лоўчы. Прыйшлі мы да Рагвалода ў замак і кажам: «Князь ноўгарадскі Уладзімір паслаў нас да цябе сказаць, што хоча дачку тваю Рагнеду ўзяць сабе ў жонкі». А дзед твой адказвае: «Трэба спытаць у дачкі». Паклікаў княжну, пытае яе пры нас: «Хочаш за Уладзіміра?» — «Не,— кажа княжна,— не стану разуваць сына рабыні, хачу за Яраполка».

Да вогнішча падбягае Гарабой.

Гарабой. Дзе княжыч?

Лоўчы. Ну вось, не далі дагаварыць. А можа, гэта к лепшаму, княжыч. У тваім узросце не пра ўсё належыць ведаць. Пасталееш — тады ўжо. Міма нічога не праляціць. I добрае, і благое. (Да Гарабоя.) Дык што там у вас здарылася?

Гарабой. Поблізу замка зноў мядзведзіца ходзіць!

Ізяслаў. I ваўчыца там?

Лоўчы. Звер звера палюе.

Ізяслаў. А можа, яны абедзве на людзей палююць — і ваўчыца, і мядзведзіца?

Лоўчы. Урэшце, хто іх ведае.

Ізяслаў. Значыць, пераплываць раку ўсё-такі давядзецца ёй, а не нам?

Лоўчы. А калі яна кінецца ў другі бок?

Гарабой. Усё роўна яе смерды павернуць да нас. Цяпер ёй ад нас не ўцячы. Загадвай трубіць, княжыч.