Читать «Звон ― не малітва» онлайн
Уладзімір Бутрамееў
Зборнік «Звон — не малітва»
Звон ― не малітва : п'есы : [зборнік : для старэйшага школьнага ўзросту / укладанне І. Дабырян ; прадмова П. Васючэнкі]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. - 365] с. - (Бібліятэка школьніка).
Звон — не малітва. Іван Чыгрынаў
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Апанасій. Матухна княгіня, яшчэ раз кажу: час адумацца вам. Сапраўдны Бог наш гаворыць мне: я навяду на паганых увесь стэп гэты, значыць, людзей са стэпу, жорсткіх і крыважэрных, якія блукаюць па зямлі толькі дзеля разбою. I яны павыкідваюць косці бацькоў вашых з магіл, параскідваюць па лугах і нівах пад сонцам, месяцам і зоркамі, якім вы пакланяецеся. Скіньце вашых жорсткіх багоў у Свіслач — і драўлянага Перуна з сярэбранай галавой і залатымі вусамі, таксама Дажбога і Стрыбога, як Сімаргла і Мокаш, з усімі разам.
Рагнеда. Пачакай, прэсвітэр. Вось ты пагражаеш нам сваім Богам. Значыць, і твой Бог жорсткі? Дык навошта мяняць нам сваіх, няхай, як ты гаворыш, і жорсткіх, на такога ж, а можа, і больш яшчэ жорсткага?
Апанасій. Княгіня, старое прайшло. Цяпер настае новае. А ты трымаешся за ранейшае. Нават імя Гарыслава, якое даў табе князь Уладзімір, адкінула. Захацела зноў звацца Рагнедай.
Рагнеда. Майму мужу, вялікаму князю, даўно хацелася вытравіць з маёй памяці ўсё роднае, забыць бацьку і маці, якіх ён забіў, малых братоў, якія таксама былі зарэзаны варагамі. Дзеля гэтага ён звацца прымусіў мяне іначай. Але цяпер я зноў на сваёй зямлі. I тут мая воля!
Апанасій. Матухна княгіня, не так твая воля, як сынава. Ізяславу належыць і гэты град, і ўсё, што навокал яго. А ў Полацку — пасаднік вялікага князя.
Рагнеда. Але сын не выгане маці.
Апанасій. Я таксама гатовы маліцца за чысціню яго душы і праведнасць думак.
Рагнеда. Думаеш, нашы багі назусім адступіліся ад яго?
Апанасій. Хто ведае, княгіня, але муж твой у Корсуне, калі прымаў новую веру, перад усім тамашнім народам сказаў: «Толькі цяпер пазнаў я сапраўднага Бога!»
Рагнеда. Не веру я Уладзіміру. Крывадушны ён быў, крывадушны і цяпер. Сын рабыні. А новую веру ўзяў, бо грэчаскія цары не аддавалі без гэтага за яго сястру сваю Ганну. Таму я ў цябе, праваслаўны прэсвітэр, пытаюся: навошта яму, распусніку, яшчэ адна жонка? Толькі дзеля таго, каб парадніцца з вялікімі царамі? У яго ж гэтых жонак без мяне яшчэ чатыры — грачанка, якую забраў у забітага ім жа брата, балгарыня, чахіня і яшчэ адна... Я ўжо не ведаю нават, з якой зямлі яна...