Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 13

Уладзімір Бутрамееў

(Да служанкі.) Ты можаш ісці. Але заначуй сёння блізка ад маёй спальні.

Служанка. Дабранач, княгіня.

Рагнеда. Але не засынай, пакуль не вернецца нянька. Няхай скажа, як у іх там. Прызнацца, я гэту Анею мела ўвесь час на прыкмеце для княжыча. Бо як жыццё далей пойдзе — успомніць пра яго бацька ці не. Ладна, ступай. Гэта не твая справа.

Служанка выходзіць. Княгіня ўсё яшчэ стаіць каля расчыненага акна.

Чуваць, як ваўчыца то сціхне, то зноў завые...

(Уздыхае.) Ах ты, няшчасная!..

Вельмі здалёку прыходзіць з’явішча, бы насланнё... Спіць на ложку вялікі князь Уладзімір. Рагнеда ўстае з той жа пасцелі, бярэ прыхаваны нож, замахваецца ім на мужа. Але той прачынаецца, хутка адводзіць ад свайго горла нож. Крычыць — кліча ахоўніка-варага. Той становіцца ля дзвярэй. Уладзімір у споднім імкліва выходзіць. У княскую спальню тым часам забягае малы Ізяслаў. Маці шэпчацца з ім. Ізяслаў павісае на шыі маці. У гэты момант у спальню прыходзяць дзве жанчыны. Пачынаюць рыхтаваць Рагнеду да пакарання. Затым сюды ўваходзіць вялікі князь, зім — Дабрыня і другія княскія людзі. I раптам паміж Рагнедай і гэтым натоўпам, загароджваючы вялікаму князю шлях да Рагнеды, становіцца Ізяслаў. Заступаючыся за маці, малы крычыць на бацьку, тупае малымі ножкамі. Здзіўлены, Уладзімір адхінаецца назад, адступае, а тады выходзіць з усёй світай са спальні. Ахоўнік-вараг таксама пакідае пакой, дзе адбывалася ў цяперашнім уяўленні Рагнеды маўклівая дзея. Пасля гэтага Рагнеда кідаецца да сына, абдымае яго і горка плача...

...Ноч. Лес. Ад вогнішча, якое палае паміж дрэў на паляне, лятуць іскры...

Хрумстаюць у торбах авёс коні.

Ля вогнішча сядзяць Ізяслаў і лоўчы. Трохі далей яшчэ — паляўнічыя.

Лоўчы. Княжыч, нарэшце ты хочаш даведацца праўду пра свайго дзеда Рагвалода, полацкага князя... Я ўсяго адзін раз бачыў яго. Другога твайго дзеда, Святаслава, якога забіў печанег Кура, не ведаў.

Ізяслаў. I гэта праўда, што з чэрапа майго дзеда печанегі зрабілі чашу, каб піць з яе віно?

Лоўчы. Так расказалі. Але я сюды, на Русь, прыйшоў ужо з тваім бацькам.

Iзяслаў. Адкуль?

Лоўчы. З-за мора. З варагаў. Адзін час бацька твой шукаў там паратунку ад свайго брата Яраполка.

Ізяслаў. У майго бацькі яшчэ быў адзін брат.

Лоўчы. Так, княжыў у зямлі драўлянай Алег Святаславіч.

Ізяслаў. А хто яго забіў? Штосьці маці мне блытана гаварыла.

Лоўчы. Я ж кажу, гэта не пры мне было. Але чуў, што нібыта яго спіхнулі з моста свае ж воіны, калі ўцякалі ад Яраполкавай дружыны.

Ізяслаў. Незайздросны лёс!.. Можа, на Святаслававых дзецях пракляцце ляжыць?!

Лоўчы. Так, быць князем у вашай зямлі нялёгка. Ну, а наконт пракляцця, дык... Ты папрасі, каб табе прыслалі з Кіева старыя кнігі, якія пісаны яшчэ пры тваёй прабабцы княгіні Вользе. Мне давялося бачыць іх у вялікага князя. Там пра ўсё напісана. Але ці поўная праўда ў іх, не скажу, бо я прыйшоў на Русь з тваім бацькам з-за паўночнага мора, ад скандынаваў. Няхай табе тыя кнігі нанова пісцы перапішуць. Адкуль пайшла чыя зямля і хто жыў у ёй, хто правіў ёй.