Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 147

Уладзімір Бутрамееў

2-я Распусніца хоча сесці на калені да Яські, але той адсоўваецца.

Яська. Адчапіся, у мяне і без цябе грахоў хапае.

2-я Распусніца (пакрыўджана). Фу, які нявыхаваны. (Падыходзіць да Д’ябла і сядае яму на другое калена.)

1-я Распусніца (з усмешкай). Святы.

2-я Распусніца (злосна). Хворы!

Д’ябал. Забудзься пра ўсё, Яська! Гуляй, пакуль яшчэ ёсць час. Давай вып’ем!

Яська (змрочна). Не хачу.

Усе, акрамя Яські, выпіваюць. Д’ябал цалуецца з распусніцамі, шэпча ім на вуха брыдкія словы, мацае за найбольш далікатныя месцы. Усе, акрамя Яські, рагочуць.

(Не вытрымлівае.) Цьфу! Брыдка на вас глядзець. Канец свету! Што мы тут робім? Чаму сядзім у гэтай бруднай карчме? Не справіўся я, горшы я за Адама! Дык бяры мяне і цягні ў пекла. (Стомлена.) А не — адпусці дамоў.

Д’ябал. А можа, даць табе яшчэ шанец? Як? Не падвядзеш? (Смяецца.)

Яська. Пайшоў ты... да д’ябла.

Д’ябал. Баішся, баішся! (Нечакана цвяроза.) Бо ўжо ведаеш, што і гэтым разам не вытрымаеш. (Нахіляецца да Яські.) I ніхто, Яська, не вытрымае. Чалавек слабы, занадта слабы. Таму няма для нас раю: ні для цябе, ні для мяне. Дзверы зачыніліся назаўсёды. (Шэптам.) А можа, няма і пекла, толькі гэтая карчма? Можа, няма нам куды адсюль ісці? (Рагоча, як вар’ят.) Няма Бога і няма мяне! Толькі ты, Яська, ёсць, толькі ты... (Казыча распусніц.)

Тыя заходзяцца ад смеху.

Яська. Ты ўжо лыка не вяжаш. (Азіраецца.) Што я буду з табой рабіць?

Д’ябал. Гуляй, Яська! Пі гарэлку, забаўляйся з дзеўкамі. Я фундую! Гэй, карчмар, яшчэ гарэлкі! (Абдымаецца з распусніцамі, задзірае ім спадніцы.)

Падбягае Карчмар з новымі пляшкамі гарэлкі, але бачыць, што Д’ябал ужо зусім п’яны.

Карчмар. А можа, шаноўныя госці жадаюць адпачыць? Маем надзвычай утульныя пакойчыкі. Дзяўчаты ахвотна вас правядуць і пакажуць усе выгоды.

1-я Распусніца. І ў ложак пакладзём!

2-я Распусніца. I распранём!

1-я Распусніца (натхнёна). Зробім, што толькі пажадаеце!

2-я Распусніца (злосна). Казачку на ноч распавядзём.

Д’ябал (падміргвае). Што скажаш, Яська? Выбірай, табе каторую?

Яська. Я да Паўлінкі хачу. (Адварочваецца.)

Д’ябал. То я вазьму абедзвюх! Хадземце, мае салодкія!

1-я Распусніца. А пан з намі ўправіцца?

2-я Распусніца. Абы заплаціў.

Д’ябал з распусніцамі ўстаюць з-за стала.

Яська. А мне што рабіць? Не баішся, што я ўцяку?

Д’ябал. Куды, Яська? Ад сябе не ўцячэш. (У абдымку з распусніцамі выходзіць з пакоя.)

Карчмар сядае да Яські за стол.

Яська (сам сабе). Вось паскуднік! А я было паверыў, што ён і праўда стаміўся, у рай захацеў... Каму паверыў, гэтаму жлукце?

Карчмар. Бачу, Яська, ты не вельмі любіш свайго сябра. Даўно ты яго ведаеш?

Яська. Які ён мне сябра! Лепш бы я яго зусім не ведаў.

Карчмар. А што ён за чалавек? Адкуль у яго столькі грошай?

Яська. Што табе да ягоных грошай? Смачны жабе арэх, ды зубоў Бог не даў. Д’ябал ён, а не чалавек.

Карчмар. Нам з табой, Яська, за ўсё жыццё столькі не зарабіць. (Нахіляецца да Яські.) Можа, гэта адзіны шанец у жыцці?

Яська (устрывожана). Які да халеры шанец? Ты што пляцеш, карчмар? Ты да чаго мяне намаўляеш? Украсці ў яго грошы?