Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 148
Уладзімір Бутрамееў
Карчмар. Не ўкрасці, не! Барані Божа! (Шэптам.) Забіць. А грошы пасля падзелім.
Яська. Забіць? Яго? (Смяецца.) Але ж ты і прыдумаў!
Карчмар (заклапочана). Украсці я мог бы і сам. Але раніцай ён прачнецца, і што тады? Не, яго трэба забіць. А я стары, не дам рады.
Яська. Ты што, гідкі слімак, не чуў: гэта не чалавек, а д’ябал.
Карчмар. Не бойся, Яська, ён добра напіўся і будзе спаць як пшаніцу прадаўшы.
Яська. Сапраўдны д’ябал! З пекла! Зразумеў? (Налівае ў чарку гарэлкі і куляе ў рот.)
Карчмар (недаверліва). Сапраўдны д’ябал? Там? П’яны як зямля і з дзвюма дзеўкамі ў ложку? (Смяецца.) Яська, ты больш не пі.
Яська. Не верыш мне? А ў рай верыш? Я там быў.
Карчмар. Што ж ты там рабіў?
Яська. Што рабіў?.. Піў... закусваў... музыка грала...
Карчмар (расчаравана). Э, хлопча, гэткі рай у маёй карчме кожнага вечара.
Яська. Не верыш мне! Як хочаш. Можа, я таксама ўжо сабе не веру. Але там — д’ябал. (Адварочваецца.)
Карчмар (сам сабе). Во набраў у галаву. Можа, з розуму крануўся? (Падумаўшы.) Д’ябал не д’ябал, а грошы ў яго не фальшывыя, я праверыў. (Да Яські.) Хлопча, ты мяне пераканаў. Там — д’ябал.
Яська (абыякава). Дык што?
Карчмар (урачыста). Мы павінны яго забіць.
Яська (ашалела). Д’ябла? (Паварочваецца да Карчмара.) З глузду з’ехаў, стары? Хіба яго можна забіць?
Карчмар (упэўнена). Можна, Яська, можна! Там, у пекле, калі ён ва ўсёй сваёй сіле ды пры розуме — немагчыма. А тут, на зямлі, калі ён у абліччы чалавека, п’яны ды сонны — можна. (Вымае з-пад крыса нож.) Вось гэтым нажом.
Яська (глядзіць на нож). Узяць і забіць д’ябла. Вось гэтым нажом. I што тады?
Карчмар (пераканана). I тады — рай. Рай на зямлі. Бо ўсё зло — ад д’ябла. Ад яго ўсе нашыя беды і няшчасці.
Яська. Як проста! Рай на зямлі.
Карчмар. I, заўваж, ніякага злачынства! Ніякага граху, Яська! Хіба гэта грэх — забіць нячыстага? Твой хрысціянскі абавязак!
Яська, як зачараваны, глядзіць на нож. У пакой вяртаюцца распусніцы.
Ну, як, дзяўчаткі? (Сквапна.) Ці шмат зарабілі?
2-я Распусніца. Не чалавек, а д’ябал. Ніколі больш не лягу з ім у ложак, нават за такія грошы.
1-я Распусніца. Ах, а я дык, здаецца, вярнула б яму і грошы, каб толькі яшчэ раз паспытаць такога шчасця.
2-я Распусніца (злосна). Пашкадуй сваю задніцу, дурніца!
1-я Распусніца. Ты пра сваю клапаціся. Ёй даўно ўжо пара на печы грэцца.
2-я Распусніца. Ах ты, курва! (Б'е сяброўку па твары.) Смаркачка!
1-я Распусніца. Ад курвы чую! (Спрытна дае здачы.) Порхаўка старая!
Карчмар (кідаецца разнімаць дзевак). Атрымалі сваё — і дадому. (Бярэ са стала пляшку гарэлкі і аддае дзеўкам.) Вось вам, каб хутчэй памірыліся. (Выправаджвае дзевак з карчмы і вяртаецца да Яські.)
Яська (разгублена). Жлукціць гарэлку, спіць з бабамі... Можа, ён і праўда ніякі не д’ябал? Можа, ашуканец які?
Карчмар (пераконвае). Д’ябал, Яська, д’ябал. Не сумнявайся! Чуў, што сказала дзеўка? А яна столькі іх бачыла на сваім вяку, што ёй можна даць веры. Трэба яго забіць! Мусіш хоць раз у жыцці адважыцца на рашучы ўчынак. (Падсоўвае Яську нож.) Бяры нож!