Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 146

Уладзімір Бутрамееў

З’ява шостая

Старая карчма з чорнымі, закуранымі сценамі, з бруднымі драўлянымі сталамі і лаўкамі.

За адным сталом сядзіць Д’ябал і п’е гарэлку. Побач з ім прымасціўся Яська, паклаўшы галаву на стол.

За суседнім сталом дзве распусніцы гуляюць у карты, кідаючы прагныя позіркі ў бок Яські і Д’ябла. Збоку, за стойкай, Карчмар працірае брудным фартухом чаркі і келіхі.

Нечакана Яська падхопліваецца і пачынае крычаць.

Яська. Я не чытаў! Я нічога не ведаю! Я не бунтаўшчык!

Д’ябал (ловіць Яську за руку). Не крычы. Ты не на судзе.

Яська. А дзе? (Азіраецца.) У пекле?

Д’ябал. Амаль што. (Налівае Яську гарэлкі.) Бяры.

Яська (баязліва паглядае на чарку з гарэлкай і адсоўваецца). Дзякуй, я не п’ю.

Распусніцы за суседнім сталом пырскаюць са смеху.

1-я Распусніца (шэптам). Чула; не п’е чалавек. Можа, святы?

2-я Распусніца (шэптам). Які святы! Хворы. (Уголас.) А вось мы б не адмовіліся, калі б нас хто пачаставаў.

Д’ябал (да Карчмара). Карчмар, гарэлкі для дзяўчат. (Да Яські.) Зусім не п’еш?

Яська (нясмела). Можа, квасу.

1-я Распусніца (шэптам). Чула: папрасіў квасу.

2-я Распусніца (шэптам). Добра, што не свянцонай вады. Я ж казала: хворы. (Уголас.) А дзе наш пачастунак?

Карчмар не спяшаецца несці гарэлку, нібыта чагосьці чакае.

Д’ябал (да Карчмара). Ты што, не чуеш? Пляшку для паненак!

Карчмар (хмыкае). Знайшліся мне паненкі. Пан яшчэ не заплаціў мне за тое, што выпіў.

Д’ябал моўчкі вымае з унутранай кішэні пінжака тоўсты пачак грошай і, выцягнуўшы адну купюру, кладзе яе на стол. Карчмар выходзіць з-за стойкі, падыходзіць да стала і, пабачыўшы вартасць купюры і таўшчыню пачка, змяняецца з твару.

(Лісліва.) Выбачайце, пане. Увогуле, у нашай карчме можна ўсё браць напавер. (Забірае грошы.) Значыцца, гарэлкі для дзяўчат і... квасу для панскага сябра?

Д’ябал. Не трэба квасу. Ён жартуе.

Карчмар. То замест квасу яшчэ адну пляшку гарэлкі? (Бяжыць па гарэлку.)

Д’ябал. Пі, Яська, не дурыся. У пекле табе не наліюць.

Яська (уздыхае). Э-эх! (Бярэ ў рукі чарку.)

Д’ябал з Яськам п’юць гарэлку. Карчмар прыносіць пляшку гарэлкі для распусніц і пляшку для Д’ябла з Яськам.

Карчмар (да распусніц, шэптам). Бачылі, колькі ў яго грошай? То чаго седзіцё, як манашкі на імшы? (Вяртаецца за стойку.)

Яська (да Д’ябла). Але ж ты і набраўся!

Д’ябал (усміхаецца). Зусім як чалавек, праўда?

Яська. Як свіння, прашу прабачэння.

Д’ябал. Ах, Яська! Д’ябал, чалавек, свіння... Невялікая паміж намі розніца. Мы маглі з табой трапіць у рай, а выбіраемся ў пекла. Дык што цяпер удаваць анёлаў?

Яська. Паглядзеў бы я, як бы ты маўчаў, калі б цябе так збівалі.

Д’ябал. Бедны Яська! Як мала трэба, каб ты адмовіўся ад вечнага шчасця: даць табе раз-другі ў морду. А калі б трэба было ахвяраваць жыццём?

Падыходзяць распусніцы і пачынаюць заляцацца да Яські і Д’ябла.

1-я Распусніца. Чаго, хлопцы, такія сумныя?

2-я Распусніца. Можа, разам нам было б весялей?

Д’ябал. Сядайце, дзяўчаткі. Мы акурат тыя, хто вам патрэбны. (Усаджвае 1-ю Распусніцу сабе на калені і налівае ўсім гарэлкі.)