Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 145

Уладзімір Бутрамееў

Паўлінка (спалохана). Ты... ты што робіш у маёй хаце?

Д’ябал. Не бачыш хіба? Гушкаю дзіця. Паўлінка (абурана). Хто ты такая? Адкуль узялася тут сярод ночы?

Д’ябал (з гонарам). Я — Яськава жонка. (Вымае з кішэні цыгарэту і прапаноўвае Паўлінцы.) Частуйся. Не хочаш? Як хочаш. (Запальвае.)

Паўлінка (апрытомнеўшы). Яськава жонка? Ды каб табе язык адсох за такія словы!

Д’ябал (шэптам). Цішэй, цішэй! Не крычы. (Пяшчотна.) Разбудзіш нашага з Яськам сынка.

Паўлінка (паставіўшы рукі ў бокі). Я — Яськава жонка! Пайшла прэч, блудніца!

З калыскі высоўваецца рука і патрабавальна цягнецца да Д’ябла. Д’ябал пакорліва аддае цыгарэту ў калыску.

Д’ябал (з дакорам). Вось бачыш, разбудзіла. Беднае дзіцятка. (Гушкае калыску.)

Паўлінка (гнеўна). Вымятайся з маёй хаты разам са сваім байструком, лярва! Ты што, не чула: я — Яськава жонка!

Д’ябал. I ты — таксама? (Уздыхае.) Што ж, давядзецца нам усім жыць разам.

Паўлінка (усхопліваецца). Я табе пакажу «разам», сучка! Я зараз твае пасмы павыдзіраю! (Як віхор, накідваецца на Д’ябла, злосна торгае яго за валасы і застаецца з парыком у руках.)

Д’ябал. Ну, вось, сапсавала прычоску. Што за шалёная баба! (Адбірае ў Паўлінкі парык.)

Паўлінка (разгублена). Ты... хто такое?

Д’ябал. Я — твой муж.

Паўлінка (не зусім упэўнена). Мой муж — Яська.

Д’ябал. Няма больш ніякага Яські. Ваўкі з’елі. Я цяпер твой муж, Паўлінка.

З калыскі высоўваецца рука і патрабавальна цягнецца да Д’ябла. Д’ябал здымае з пояса пляшку з гарэлкай, адкручвае накрыўку, робіць глыток, задаволена цмокае языком і аддае пляшку ў калыску.

Паўлінка (баязліва). А там... што? (Паказвае на калыску.)

Д’ябал (пяшчотна). Там — наш з табой сынок, Паўлінка. Мы яго з табой нарадзілі, цяпер гадаваць будзем.

Паўлінка (сядае на ложак). Божа, што са мной? Я сплю?

Д’ябал (невядома да каго). Спі, мая радасць. Спі, мая надзея. (Гушкае калыску.)

Паўлінка (у адчаі). Дзе мой Яська? Вярніце мне майго мужа! (Плача.)

Д’ябал (нахіляецца да Паўлінкі і гладзіць яе па галаве). Не плач, мая мілая. Цяпер у цябе новы муж, багаты ды разумны. Навошта табе той п’яніца і абібок?

Паўлінка (скрозь слёзы). Хачу да Яські!

Д’ябал (раззлаваны). Вось упартая кабета! Заладзіла адно: Яська ды Яська! (У калыску.) Пакінем яе тут! Навошта яна ўвогуле нам патрэбна?

З калыскі высоўваюцца дзве рукі і цягнуцца да Д’ябла. Д’ябал дапамагае выбрацца з калыскі Яську, апранутаму як аднагадовае дзіцятка. Гучыць страсная музыка, Д’ябал з Яськам танчаць.

Яська (крычыць). Я — твой сын, Паўлінка!

Д’ябал (да Яські). Я — твой бацька! Сынок мой! (Запрыгвае Яську на рукі.)

Паўлінка (жагнаецца). Божа, я звар’яцела! (Заплюшчвае вочы і закрывае рукамі вушы.)

Яська. Яна спіць! Пакінем яе тут!

Д’ябал. Яна звар’яцела! Навошта яна нам патрэбна?

Рухаючыся ў рытме танца, Яська з Д’яблам пакідаюць сцэну. Музыка сціхае. Паўлінка адплюшчвае вочы і адкрывае вушы.

Паўлінка (прачынаецца). Што за жахлівы сон! Ясечка, любы, чуе маё сэрца: нейкая бяда з табою здарылася. Ты ж у мяне такі добры, такі даверлівы. Кожны цябе падмануць рады. У якую ты зноў ублытаўся гісторыю? Ці не забыўся ты пра сваю верную Паўлінку? (Узнімаецца з ложка.) Ох, як шчыміць сэрца! Як мне табе дапамагчы, як цябе выратаваць, Яська? (Пакідае сцэну.)