Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 149
Уладзімір Бутрамееў
Яська (бярэ нож у руку). I тады — рай? Рай на зямлі? (Узнімаецца з-за стала.)
Карчмар. Рай, рай... Хадзем, я пакажу, дзе... (Мітусіцца каля Яські.) Пасля гарэлкі і дзевак ён, мусіць, спіць як забіты. Ага, як забіты. А грошы, калі ты іх не хочаш браць, не бяры. Ты ж не дзеля грошай, праўда?
Яська (згадвае словы Д'ябла). Мы ўсё перайначым! Мы перапішам нанава гісторыю чалавецтва! (Сціскае ў руцэ нож. У суправаджэнні Карчмара пакідае пакой.)
Неўзабаве Карчмар вяртаецца.
Карчмар. Як я яго абкруціў?! Няхай думае, што забіў самога д’ябла. А мне застануцца ўсе грошы. (Прыслухоўваецца.) Толькі б не збаяўся ў апошнюю хвіліну.
Чуваць адчайны чалавечы крык, гучна стукаюць дзверы.
З’яўляецца Яська з акрываўленым нажом у руках.
Яська (дрыжачым голасам). Крычаў... зусім як чалавек. I кроў такая чырвоная, цёплая... Карчмар, а калі гэта... не д’ябал?
Карчмар. Д’ябал, д’ябал! Зараз трэба схаваць у склепе цела. Хадзем, дапаможаш мне. (Выходзіць з пакоя.)
Яська застаецца стаяць.
Яська. Божа, што я нарабіў? Каго я забіў, Божа?
Вяртаецца разгублены Карчмар.
Карчмар. Яська, грошай няма. I цела таксама... Што за жарты, Яська?
Чуваць ціхі іранічны смех. Карчмар здзіўлена азіраецца. Яська заціскае вушы рукамі і падае на калені.
З’ява сёмая
Глухая мураваная сцяна, без аніякага следу намаляваных крэйдай дзвярэй. На вышыні трох-чатырох метраў ад зямлі са сцяны тырчыць жалезная бэлька, з яе звісае вяровачная пятля. Пад самай пятлёй сядзіць на зэдліку Яська з акрываўленым нажом у руцэ.
Яська (ачуняўшы). Дзе я зноў? (Азіраецца.) Сцяна, зэдлік, пятля. Ах так, я збіраўся павесіцца... Але з’явіўся д’ябал і мне перашкодзіў. (Заўважае нож у руцэ.) I я забіў яго! (Адкідае нож.) Але навошта?.. Дзе райскі сад з чароўным абрусам? Дзе блакітнае неба, смарагдавая трава, крыштальная вада? Нічога няма. Зноў гэтая ненавісная сцяна... Навошта? (Узбіраецца на зэдлік і прасоўвае галаву ў пятлю.)
З-за вугла выходзіць Д’ябал. Ён апрануты ў летні белы гарнітур, на нагах — белыя чаравікі, на галаве — белы капялюш. У адной руцэ ён трымае валізку, у другой — парасон ад сонца. Д’ябал нагадвае чалавека, які выбіраецца адпачываць на паўднёвы курорт.
Д’ябал. Прывітанне, Яська. Не пазнаеш?
Яська (прыглядаецца). Ты? Ты што... уваскрэс?
Д’ябал. Падобна на тое. А ты як маешся? Зноў надумаў вешацца? А шкада. Шкада, што ты не выкарыстаў сваю апошнюю магчымасць.
Яська (перасмяглымі вуснамі). Якую магчымасць?
Д’ябал. Там, у карчме. Няўжо ты нічога не зразумеў? Добра, не буду табе перашкаджаць. (Падыходзіць да сцяны.)
Дзверы перад ім самі адчыняюцца, з праёма ліецца яркае святло. Д’ябал перастаўляе нагу за парог.
(Азірнуўшыся.) Бывай, Яська.
Яська. Стой, ты куды? (Вымае галаву з пятлі.)
Д’ябал. Як куды? У рай. Душа нявінна забітага...
Яська (саскоквае з зэдліка). А як жа я?
Д’ябал. Ты? Ты мне больш не патрэбны. I я вам таксама. Навошта вам д’ябал, калі вы ў Бога не верыце? (Уваходзіць і шчыльна зачыняе за сабой дзверы.)
Яська. Пачакай! Вазьмі мяне з сабой! (Кідаецца да сцяны, спрабуе знайсці і адчыніць дзверы, але безвынікова.) Я ўсё зразумеў! Дай мне яшчэ адзін шанец! (Разганяецца і б’е плячом у сцяну там, дзе толькі што былі дзверы.) Я моцны! Я змагу! Я вытрымаю! Вярніся, прашу цябе! (Зноў разганяецца і б’е плячом у сцяну.) Адчыні дзверы! Я не хачу тут заставацца!