Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 140

Уладзімір Бутрамееў

Яська (адмахваецца). Як жа, памятаю. Народ, чалавецтва. Нешта там наноў перапісваць трэба. Ты перапісвай. Я не супраць. Але мне свая кашуля бліжэй да цела. Дый сумняваюся я, што для ўсяго народа, для ўсяго чалавецтва ў раі хопіць месца за чароўным абрусам.

Д’ябал. Эх, Яська, які ж ты япгчэ цёмны і недалёкі. Ты не верыш ва ўсёмагутнасць Бога і не любіш бліжняга свайго, а гэта ёсць найважнейшая ўмова для выратавання душы. Чаму я, д’ябал, мушу табе гэта нагадваць?

Яська. Добра, хопіць мне маралі чытаць, мы не ў касцёле. Ведаю, дзеля чаго ты стараешся і куды пнешся. Не хвалюйся, возьмем і цябе ў рай.

Д’ябал. Бачу, ты не верыш у шчырасць маіх слоў. (Сам сабе.) Можа, мне яго крыху прыстрашыць? (Да Яські.) Глядзі, Яська, другі раз я табе не дарую. Калі не датрымаеш слова — зацягну цябе ў пекла!

Яська (бесклапотна). Збірай валізкі ў рай!

Д’ябал сыходзіць.

Але ж і смешны гэты д’ябал! Такое несур’ёзнае выпрабаванне прыдумаў. Калі б я не пабываў у райскім садзе, увогуле б падумаў, што гэта ашуканец ці вар’ят які. Зусім не падобны на чорта, якім яго малююць. (Кладзецца на лаўку.) Прылягу, пасплю да абеду, там і да вечара недалёка.

Перад хатай з’яўляецца Сусед.

Сусед. Здароў, Яська! Чаму спіш з раніцы?

Яська (прыўзнімаецца). Якое там спіш, суседзе! Так, прылёг на хвілінку. (Сам сабе.) Што за нячыстая сіла яго прынесла?

Сусед. А дзе твая? У хаце?

Яська. Паехала наведаць маіх бацькоў.

Сусед (уздыхае). Добра табе. Каб маю чорт куды выпер з хаты. (Азірнуўшыся.) Яська, хочаш выпіць?

Яська (мужна). Не, суседзе, не хачу.

Сусед. Дзіўна. А маеш?

Яська. I не маю.

Сусед. То хадзем у карчму.

Яська. Не магу. Мушу сядзець на лаўцы з раніцы да вечара.

Сусед. Навошта?

Яська. Слова даў.

Сусед. Каму? Жонцы?

Яська. Ды не, д’яблу. Калі выседжу, ён адправіць мяне ў рай.

Сусед. А мне можна з табой?

Яська. Сядай. (Паказвае на лаўку.)

Сусед (смяецца). Кінь, Яська, выдурняцца, хадзем вып’ем.

Яська. Не, не пайду. У рай дужа хочацца.

Сусед. Дык ты не жартуеш? (Задумваецца.) Яська, хочаш я дапамагу табе трапіць у рай?

Яська. Як гэта?

Сусед. Вазлюбі бліжняга свайго: дай на гарэлку.

Яська. А каб ты здох. Во прыдумаў!

Сусед. Тады пазыч.

Яська. Ты хоць аднаго разу мне вярнуў?

Сусед. Навошта? Ты ўсё роўна ў рай выбіраешся.

Яська. Не дам. Ідзі з Богам.

Сусед. Слухай, а Паўлінку ты як: з сабой забярэш ці тут пакінеш?

Яська. А табе што да маёй Паўлінкі? (Павагаўшыся.) Вядома, забяру.

Сусед (узрадавана). Значыцца, вашая хата нам застанецца! Сёння ж, пакуль іншыя не даведаліся, перабярэмся з жонкай у новае жытло!

Яська (збянтэжана). Пачакай, суседзе, пачакай! (Сам сабе.) Вось табе і маеш! Як жа так: у маёй хаце будзе раскашаваць гэты п’яніца і абібок? (Да суседа.) Я вас забяру з сабой, у рай.

Сусед. Э, не, нам твой рай не свеціць і не грэе. А вось хата ў цябе добрая, дагледжаная, не тое што мая развалюха. Пайду толькі пашукаю, ці няма там непатрэбных рэчаў, якіх можна пазбыцца. (Хоча зайсці ў Яськаву хату.)

Яська. Стой, злыдзень, ты куды?! (Ледзьве не ўстае з лаўкі, але спахопліваецца.) Вярніся, я нешта для цябе знайшоў! (Ліхаманкава шукае ў кішэнях грошы.)