Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 138

Уладзімір Бутрамееў

Чаму не спяваеш, Паўлінка?

Паўлінка. Не хачу. Голас сеў.

Яська. То, можа, патанчым? (Падхопліваецца на ногі і пачынае скакаць лявоніху.)

У садзе гучыць музыка.

(Крычыць.) Хадзі да мяне, Паўлінка! Удвох будзе весялей!

Паўлінка не кранаецца з месца і нават адварочваецца ў іншы бок. Яська перапыняе скокі і сядае побач з Паўлінкай.

Чаму не скачаш, Паўлінка? Ты ж так любіш лявоніху.

Паўлінка. Не ў гуморы я. Сумна мне тут.

Яська (падумаўшы). А можа... (Шэпча нешта Паўлінцы на вуха і лезе цалавацца.)

Паўлінка (адштурхоўвае Яську). Адчапіся, бессаромнік! Не да таго мне.

Яська (чухае патыліцу). Вось табе маеш! (Сам сабе.) Якога ражна ёй трэба?

Паўлінка. Яська, яно варушыцца.

Яська (не разумее). Што варушыцца?

Паўлінка. Там у місе нешта варушыцца.

Яська. У місе?! А табе што да таго? Няхай варушыцца, а ты не чапай! Ану, адсунься далей!

Паўлінка. Я й не чапаю! (Адсоўваецца далей, але сядзіць неспакойна, час ад часу кідае позіркі на місу.) Яська!

Яська. Чаго табе зноў?

Паўлінка. Нікога ж тут няма.

Яська. I што з таго? Цалавацца са мной ты не хочаш.

Паўлінка. Пішчыць нешта.

Яська. Дзе пішчыць?

Паўлінка. У місе.

Яська. Ты ўсё з гэтай місай! (З пагрозаю.) Вось як перацягну цябе зараз рэменем, дык ты ў мяне запішчыш.

Паўлінка. Чаго цябе бярэ? Ледзь што — адразу біцца... Я ж нічога... я толькі так... каб ты ведаў... (Прыслухоўваецца да таго, што робіцца ў місе, і міжволі падсоўваецца да яе бліжэй.) Ясечка, родненькі мой! Я ўжо больш не магу! Нас жа ніхто не ўбачыць... Я хуценька-хуценька адкрыю місу і зазірну ў сярэдзіну...

Яська (крычыць). Не чапай! Хочаш, каб мы праз тваю дурную цікаўнасць рай страцілі?

Паўлінка. Ну і заставайся адзін у сваім раі! А я пайду сабе дахаты. (Плача.)

Яська. Пачала ўжо раўці. Што мне рабіць з гэтай неразумнай бабай? Ну, годзе, Паўлінка, не плач.

Паўлінка (трапечацца). Я місу хачу!

Яська. А каб ты трэснула разам са сваёй місай! Чаўпе адно: місу ды місу! Як заведзеная.

Паўлінка. Вось ты які! Табе для сваёй жонкі нейкай місы шкада! Ты мяне не любіш! (Плача наўзрыд.)

Яська (мітусіцца). Ах, бедны я, няшчасны я чалавек! Вось доля, ліха на яе. (Не вытрымлівае.) Добра, чорт з табой! Сціхні толькі, не раві. Бачу, што ад цябе не адчэпішся. Зазірні ў гэтую праклятую місу, каб яна спрахла!

Паўлінка. Ясечка, любы мой, каханы! (Кідаецца да Яські і моцна-моцна яго цалуе. Потым нахіляецца да місы, асцярожна прыўзнімае накрыўку і зазірае ў сярэдзіну.)

З місы вылятае птушка.

Якая прыгожая птушачка!

Яська. Лаві яе, лаві! Хапай за хвост!.. Паляцела птушачка.

Паўлінка. Што ж ты не ўлавіў яе, разява?

Яська. А навошта ты яе выпусціла?

Паўлінка. Хто ж мог ведаць, што яна сядзіць тамака, у місе?

Яська. Зусім не трэба было чапаць місы!

Паўлінка (усхліпвае). Калі цікава.

Яська. Праз тваю цікаўнасць выпруць нас, пэўна, з раю. Эх, нап’юся з гора! (Налівае сабе пітва.)

Паўлінка. А мы нікому не скажам. Ніхто ж не бачыў, як мы місу адкрывалі.

Яська. А калі спытаюцца, дзе падзелася птушка?