Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 141

Уладзімір Бутрамееў

Сусед (азіраецца). А?

Яська (вымае ўсе грошы, якія былі ў кішэнях). Вось, вазьмі на гарэлку!

Сусед. Пазычаеш? (Бярэцца рукой за клямку дзвярэй.)

Яська (злосна). Так даю!

Сусед (падыходзіць да Яські і забірае грошы). Дзякуй, суседзе. Пайду, вып’ю за тваё здароўе. Каб ты хутчэй у рай трапіў.

Яська (ціха). Каб ты захлынуўся сваёй гарэлкай!

Сусед сыходзіць.

Дзякуй Богу, пайшоў. (Занепакоена.) Але што мне рабіць з хатаю, калі і праўда давядзецца ў рай выпраўляцца? Сваімі рукамі збудаваў, па бярвенчыку, па дошчачцы. Столькі поту праліў, столькі слёз, часцінку душы ў яе ўклаў! I раптам пакінуць яе гэтаму недарэку, які за год усё расцягне і прап’е? Эх, каб можна было ўзяць хату з сабой, у рай! Як бы гэта ўгаварыць д’ябла?

Перад хатай з’яўляецца Суседка.

Суседка. Дзень добры, Яська!

Яська (непрыязна). Здароў, суседка! (Сам сабе.) Выпер-такі яе чорт з хаты.

Суседка. Чаму адзін сядзіш? Дзе Паўлінка?

Яська. Выбралася ў госці да маіх бацькоў.

Суседка. А цябе пакінула аднаго, без нагляду? Мой таксама некуды пацягнуўся. Мусіць, у карчму. (Падазрона.) Цябе не запрашаў з сабой?

Яська. Можа, й запрашаў.

Суседка. Чаму ж ты не пайшоў?

Яська. Бо мушу сядзець на гэтай лаўцы да самага вечара. Слова даў д’яблу.

Суседка (перапытвае). Каму?

Яська. Д’яблу. Калі выседжу — ён мяне ў рай возьме.

Суседка. А калі не выседзіш?

Яська. Тады — у пекла.

Суседка. Як цікава! А можна і я з табой крыху пасяджу?

Яська. Сядай, калі хочаш.

Суседка сядае на лаўку побач з Яськам. Нейкі час пануе маўчанне. Потым Суседка пачынае неспакойна круціцца на лаўцы.

Суседка. Яська, а хадзем да мяне ў хату, вып’ем гарэлачкі ды чаго закусіць пашукаем. (Сарамліва апускае вочы.) Паўлінкі няма, і мой не хутка вернецца...

Яська (здзіўлена). Ты што, суседка, блёкату аб’елася?

Суседка (падсоўваецца бліжэй). Ах, Яська, так сёння горача, так горача!

Яська. Чым ты слухаеш, га? Я ж сказаў табе: мушу сядзець на лаўцы з рання да змяркання. Я з д’яблам аб заклад пабіўся.

Суседка. Я што? Я ж не супраць. (Сядзіць нейкі час спакойна, але неўзабаве зноў пачынае круціцца.) А можа, да цябе на хвілінку зойдзем?

Яська. Цьфу, дурніца! (Крычыць.) Нельга мне праз цэлы дзень уставаць з гэтай лаўкі! Зразумела?

Суседка (спалохана). Зразумела, зразумела, Ясечка. Толькі не крычы. Але ж горача... (Расшпільвае верхнія гузікі кашулі.)

Яська (стараецца не глядзець у бок Суседкі). I прынесла ж яе на маю галаву!

Суседка (падбірае вышэй спадніцу і падсоўваецца да Яські). Яська, а чаму сэрца чалавека б’ецца ціха-ціха, роўна-роўна, як раптам пачынае трапятаць і тахкаць, тахкаць...

Яська. Чаго? (Паварочваецца да Суседкі.) Ты што, можа, захварэла?

Суседка. Вось паслухай. (Бярэ Яськаву руку і прыціскае яе сабе да грудзей.) Чуеш? Нібыта хоча выскачыць з грудзей.

Яська (спрабуе вызваліць руку). Не чую.

Суседка. А так? (Прыціскае Яськаву руку мацней.)

Яська (азіраецца). Зараз як вернецца твой мужык з карчмы, дык ты затрапечашся.

Суседка (смяецца). Ён ужо даўно набраўся, як свіння гразі, і валяецца пад плотам. (Падсоўваецца да Яські зусім блізка.) Яська, ты што, мяне баішся?