Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 139

Уладзімір Бутрамееў

Паўлінка. Скажам, кот з’еў.

Яська вылівае ў рот пітво, але адразу ж выплёўвае і недаверліва нюхае келіх, потым — бутэльку. Паўлінка са здзіўленнем глядзіць на ежу, потым спрабуе накалоць на відэлец кавалак ежы, але ў яе нічога не атрымліваецца.

Яська. Цьфу, нектар зрабіўся як вада. (Адкаркоўвае новую бутэльку, нюхае, пасля яшчэ адну.) Так і ёсць, звычайная вада. Ва ўсіх пляшках.

Паўлінка. Яська, зірні, які цуд: ежа сталася ўсё роўна як драўляная.

Яська. I пітво несапраўднае, і ежа. Канец нашаму раю. Зірні, што навокал робіцца.

Сонца хаваецца за хмары, сціхаюць птушыныя галасы, цурчанне ручая. Грыміць гром, бліскаюць маланкі, на сад насоўваецца густая цемра.

Паўлінка. Яська, я баюся. Я хачу дахаты.

Яська. Уцякайма адсюль хутчэй!

Уцякаюць з саду.

З’ява трэцяя

Перад Яськавай хатай. На лаўцы спіць, паклаўшы рукі пад галаву, гаспадар. Побач сядзіць Д’ябал і паліць цыгарэту.

Яська (прачынаецца). Няўжо я дома? Бачыў дзіўны сон. Нібыта мы з Паўлінкай — у райскім садзе... уборы і капелюшы на дрэвах... абрус з ежай і пітвом... міса, птушка і... Так добра ўсё пачыналася і так недарэчна скончылася...

Д’ябал. Што, Яська, упусціў ты сваю птушку шчасця?

Яська (паварочвае галаву). Ты? Дык гэта быў не сон?

Д’ябал. А я так на цябе спадзяваўся. Так шчыра хацеў вам, людзі, дапамагчы.

Яська (разводзіць рукамі). Хіба я вінаваты? Паўлінка адкрыла місу і выпусціла птушку. Далася ёй тая міса...

Д’ябал. А ты куды глядзеў? Навошта дазволіў? Наракаў на Адама, а сам хіба лепшы за яго?

Яська (абараняецца). Добра табе так казаць пра нас з Адамам. Каб у цябе была жонка — паглядзеў бы я, як бы ты з ёй упраўляўся.

Д’ябал. Зноў шукаеш, на каго зваліць віну, Яська? Калі не на Адама, дык на Еву, калі не на Бога, дык на д’ябла?

Яська. Анягож! Вядома, ты вінаваты. Няўдалае прыдумаў выпрабаванне. (Выхоплівае ў Д’ябла з рук цыгарэту і курыць.) Адкуль у райскім садзе ўзялася Паўлінка? Мусіш прыдумаць нешта іншае. Дай яшчэ раз паспрабую! Каб я з гэтага месца не сышоў, калі зноў не датрымаю слова.

Д’ябал. Не сышоў бы з месца? (Глядзіць Яську пад ногі.) А чаму і не? Здавалася б, такая дробязь. (Задумваецца.) Толькі цяжка будзе вытрымаць. (Уздыхае.) Баюся, ты не ўседзіш.

Яська. Дзе не ўседжу?

Д’ябал. Не ўседзіш цэлы дзень на лаўцы перад сваёй хатай, не кратаючыся з месца.

Яська. Жартуеш? Ці ж гэта выпрабаванне? Я і без загаду сяджу тут, бывае, праз цэлы дзень.

Д’ябал (сам сабе). Менавіта, што без загаду. Але варта чалавеку нешта загадаць, і яму адразу карціць тое не выканаць.

Яська. Вось толькі каб Паўлінка зноў не ўлезла куды не трэба.

Д’ябал. Не хвалюйся, сёння нядзеля, я адправіў яе да бацькоў, у госці.

Яська (усхопліваецца). Што? Ейныя бацькі даўно памерлі! (Хапае Д’ябла загрудкі.) Куды падзеў маю жонку?

Д’ябал. Да тваіх бацькоў, дурань! (Вызваляецца.)

Яська (збянтэжана). Даруй, не разабраўся. (Папраўляе на Д’яблу пінжак.) Са мной такое здараецца. Значыцца, мушу сядзець тут да вечара і, калі вытрымаю, — траплю ў рай?

Д’ябал. Ты толькі пра сябе дбаеш, Яська. Хіба забыўся, дзеля чаго мы ўсё гэта задумалі?