Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 137

Уладзімір Бутрамееў

Паўлінка. Яська, мне ўжо тут падабаецца! (Цалуе Яську.) Але што ж тады нам забаронена?

Яська. Бачыш місу?

Паўлінка. Гэтую? (Цягнецца рукой да місы.) Яська. Стой! Ты куды? (Хапае Паўлінку за руку.) Місу чапаць забаронена.

Паўлінка. Місу? (Са здзіўленнем глядзіць на місу.)

Яська з трывогаю — на Паўлінку. Нейкі час пануе напружанае маўчанне.

(Расчаравана.) Такое глунства! Хто ж павернецца ў яе бок, калі забаронена?

Яська (узрадавана). Вось і цудоўна! Я заўсёды казаў, што ты ў мяне, Паўлінка, разумная кабета, бо свайго мужыка слухаешся. Давай яшчэ вып’ем па келіху ды нарэшце добра закусім. У мяне ўжо кішкі марша граюць. (Бярэцца за бутэльку.)

Паўлінка. Пачакай, я толькі пераапрануся ў іншую сукенку! (Усхопліваецца і бяжыць да ўбораў.) А ты не хочаш прымерыць новы гарнітур?

Яська. Мне і так добра. (Сам сабе.) Хто нас тут бачыць? (Налівае ў келіхі пітво.) Цудоўнае пітво, напэўна, які-небудзь нектар ці амброзія.

Паўлінка хуценька пераапранаецца ў іншую сукенку, мяняе капялюшык.

Паўлінка (какетліва). Яська, зірні: падабаюся я табе ў такім строі?

Яська. Нішто сабе паненка. Але ў касцюме Евы ты мне падабаешся больш. (Смяецца.)

Паўлінка. Фу, нецікава з табой. (Круціцца, нечага шукае.)

Яська. Чаго шукаеш?

Паўлінка. Люстэрка.

Яська. Люстэрка, відаць, у раі не прадугледжана.

Паўлінка (уздыхае). А... (Азіраецца вакол.) Яська, а мы што, тут зусім адны?

Яська. Адны, дзякуй Богу. (З гонарам.) Каму тут яшчэ быць?

Паўлінка. Шкада. (Пераапранаецца ў сваё старое адзенне.)

Яська. Хадзі, жоначка, пакаштуй райскай ежы.

Паўлінка падыходзіць і сядае крыху ўбаку ад Яські. Яська з Паўлінкай моўчкі чокаюцца і выпіваюць.

Столькі дзівосных страў і прысмакаў — ажно вочы разбягаюцца. (Прагна есць.) Усяго хочацца пакаштаваць.

Паўлінка (узяўшы маленькі кавалачак). Глядзі, не аб’ешся.

Яська. Смакацішча!

Паўлінка. Нішто сабе стравы, але і дома ў нас былі не горшыя: мачанка з блінамі, клёцкі з душамі, пірагі з капустай, качка, запечаная ў гліне... Не падабалася табе, як я гатавала?

Яська. Падабалася, Паўліначка, падабалася. Але дома ўсё было свойскае, звычайнае. А тут усё заморскае, з выкрунтасамі. (Працягвае есці, не звяртаючы болей на Паўлінку ўвагі.)

Паўлінка (нечакана). А цікава ўсё ж, што схавана ў гэтай місе?

Яська (давіцца кавалкам). Паўлінка! (Гнеўна.) Глядзі сюды! (Паказвае кулак.) Я табе дам за тваю цікаўнасць! Забаронена зазіраць у місу — і ўсё тут. Нашая справа слухацца і не мудраваць.

Паўлінка (агрызаецца). Ты мяне не вучы. Я свой розум маю. (Адварочваецца ад місы.) Проста цікава.

Яська. Каб я ад цябе больш не чуў пра місу! Давай лепш вып’ем ды яшчэ чаго з’ямо. (Налівае ў келіхі пітво.)

Паўлінка (адсоўвае келіх). Не хачу больш піць. I есці таксама не хачу. (Азіраецца вакол.) Нудна мне.

Яська. То давай паспяваем. (Выпівае з келіха і зацягвае песню.)

Дробна драбніца, дробна драбніца, Дробны дождж ідзе. Ой, сабралася бедна галота Дый гарэлку п’е.

(Штурхае Паўлінку ў бок.) Дапамагай!

Пілі гарэлку, пілі наліўку, Будзем піць віно. А хто прыйдзе, з нас пасмяецца, Будзем біць таго.